Вы тут

Адкуль у зборшчыкаў подпісаў раздрукоўкі з пашпартнымі данымі выбаршчыкаў?

АНТ

У эфіры тэлеканала АНТ паказалі сюжэт пра збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў. Усё б нічога, класічны сюжэт, калі б не момант у пачатку рэпартажу, дзе зборшчыкі подпісаў трымаюць у руках спісы, у якіх раздрукаваны хатнія адрасы, нумары пашпартоў, рабочыя, хатнія і нават мабільныя тэлефоны выбаршчыкаў.

"Цікавы спіс, ці не праўда? Крыху вышэй відаць падпісны ліст, куды проста ўручную (гэта патрабаванне выбарчага заканадаўства) капіююцца звесткі з гэтага спіса. Вось такія "выбары", мяркуючы па адрасах, ужо праходзяць на адной з акруг Фрунзенскага раёна Мінска", — піша ў сябе ў "Фэйсбуку" Дзяніс Ціханенка, былы памочнік дэпутата Ганны Канапацкай, які і заўважыў дзіўны спіс у эфіры АНТ.

Неўзабаве спіс знік з сюжэта. Але скрыншоты ж засталіся. Еўрарадыё паспрабавала разабрацца, навошта зборшчыкі подпісаў носяць з сабой раздрукоўкі з пашпартнымі данымі і тэлефонамі іншых людзей.

У пяці верхніх радках у спісе згадваецца сярэдняя школа № 185. Напрыклад, побач з імем Юліі Яраш, намесніка старшыні прафкама школы і настаўніцы англійскай мовы. Нумар тэлефона, які пазначаны ў яе як рабочы, раней паказваўся як тэлефон участковай выбарчай камісіі.

Мы абзванілі людзей, звесткі якіх былі злітыя ў эфіры. Тыя прызналіся, што нічога пра спіс не ведаюць. Яны яшчэ не падпісваліся ні за аднаго з "кандыдатаў у кандыдаты", не знаходзяцца ў выбарчых камісіях і ініцыятыўных групах. Больш за тое, яны сказалі, што не працуюць у школе № 185 і ніяк з ёй не звязаныя. І зусім не ўяўляюць, адкуль у зборшчыкаў подпісаў спісы з іх асабістымі звесткамі.

Усе людзі, якіх удалося апазнаць у спісе, адносяцца да выбарчых акруг Фрунзенскага раёна: Каменнагорскай № 101, Заходняй № 102, Пушкінскай № 103 і Кальварыйскай № 104. Дарэчы, у апошняй у дэпутаты ідзе 22-гадовая "Міс Беларусь — 2018", пастаянная спадарожніца Аляксандра Лукашэнкі Марыя Васілевіч.

У Цэнтрвыбаркаме пра дзіўны спіс яшчэ нічога не чулі. Адкуль у зборшчыкаў подпісаў могуць узяцца такія раздрукоўкі, там меркаваць не бяруцца.

"Як можна каментаваць тое, чаго не бачыў? Каб нешта прадметна ацэньваць, трэба бачыць гэта — канкрэтна бачыць дакумент і тыя даныя, што ў ім напісаны, — адказалі нам у ЦВК. — Можаце [зрабіць скрыншоты і] падаць пісьмовы зварот у Цэнтральную камісію праз спецыяльную форму на сайце".