Ад сёння цэны на тавары ў крамах могуць пазначаць за кілаграм і літр

Ад сёння цэны на тавары ў крамах могуць пазначаць за кілаграм і літр

З 1 студзеня харчовым крамам рэкамендуюць пазначаць на цэнніках кошт тавару за кілаграм або літр. Такую рэкамендацыю дае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Як патлумачыла месяц таму журналістам намеснік кіраўніка МАРТ Ірына Наркевіч, такое рашэнне прынятае з улікам міжнароднага досведу.

Паводле чыноўніцы, у беларускіх крамах прадстаўлены шырокі асартымент тавараў у рознай упакоўцы ад 1 грама да 50 кілаграмаў. З’явіліся тавары, расфасаваныя не ў звыклыя 250 грамаў, 1 літр і 1 кілаграм. Многія людзі, у тым ліку сталага веку, эканомяць і хочуць набыць таннейшы тавар, а цана на нестандартных упакоўках не дазваляе ім зарыентавацца.

З гэтай прычыны ўводзіцца рэкамендацыя пазначаць кошт тавару за 100 грамаў (калі намінальная маса не перавышае 250 грамаў) і за кілаграм (калі болей за 250 грамаў). Рэкамендацыя тычыцца не толькі цэннікаў, але і інфармацыі ў рэкламе, каталогах.

На выкананне рэкамендацыі гандлёвым аб’ектам даецца два месяцы, а з 1 ліпеня 2017 года рэкамендацыя стане абавязкам, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі