Абвешчаны першы прысуд па "справе Ціханоўскага"

Палітвязень Уладзімір Няронскі / spring96.org
Блогера са Слуцка Уладзіміра Няронскага асудзілі на тры гады калоніі.
На тры гады калоніі асудзіў суд Лагойскага раёна блогера са Слуцка Уладзіміра Няронскага, паведамляе spring96.org. Гэта першы прысуд па так званай "справе Ціханоўскага".
Няронскага абвінавачвалі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх" і ў "абразе прадстаўніка ўлады" — старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага. Бок абвінавачвання палічыў, што Няронскі публічна абразіў чыноўніка ў адным з сваіх відэа на YouTube.
Групавыя дзеянні, якія "груба парушалі грамадскі парадак", Няронскі, паводле версіі абвінавачвання, арганізоўваў разам з Сяргеем Ціханоўскім — праз YouTube і тэлеграм-каналы.
Няронскі прызнаў віну ў абразе, быў гатовы публічна папрасіць прабачэння, але абвінавачванне ў "змове з Ціханоўскай" і іншымі асобамі адхіліў.
Уладзімір Няронскі — аўтар YouTube-канала "Слуцк для жизни". Ён сапраўды меў зносіны з Сяргеем Ціханоўскім, у лютым 2020-га рабіў яму экскурсію па горадзе. Слуцкага блогера затрымалі 6 траўня 2020 года — спачатку за адміністрацыйнае правапарушэнне. У чэрвені ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Увесь гэты час ён знаходзіўся ў зняволенні, часам у вельмі няпростых умовах.
"У камеру мне закідвалі смярдзючых бамжоў з паслабляльным, каб яны абгажвалі там усё. Адзін мне сказаў: "Ведаеш, нас чацвярых сёння сабралі па горадзе і сказалі, што я ім сёння патрэбны". Гэта смешна, там хворыя людзі, нельга так рабіць з інвалідамі. Як жывёламі, як рэчамі карыстаецеся! Але супрацоўнікі Магілёўскага ІЧУ малайцы: яны сказалі, што не будуць падпарадкоўвацца адміністрацыі, і прыбралі на наступны дзень гэтага інваліда. Мяне трымалі ў самай халоднай "хаце". У мяне заўсёды быў парадак, я там усё "хаты" паперамываў", — казаў у сваім апошнім слове на судзе Уладзімір Няронскі.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Тры гады калоніі, якія для яго папрасіў дзяржабвінаваўца і падтрымаў суддзя, — гэта самае строгае пакаранне з усіх магчымых па гэтых артыкулах, адзначаюць праваабаронцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.