Абстрэлы Нікапаля і беспаспяховыя атакі расіян на Данбасе — 149-я раніца вайны

Знішчаны расійскі танк Т-72​ / Reuters
Знішчаны расійскі танк Т-72​ / Reuters

Адразу тры раёны Днепрапятроўскай вобласці пацярпелі за мінулыя суткі ад расійскіх абстрэлаў, піша раніцай у пятніцу кіраўнік мясцовай вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Двойчы быў абстраляны Нікапаль. Са слоў Разнічэнкі, расіяне выпусцілі па горадзе "да 100 снарадаў. Папярэдне адзін чалавек загінуў, адзін паранены. Пашкоджаныя 11 прыватных дамоў". Акрамя таго, разбурана чыгуначная каляіна. Калі па ёй можна будзе аднавіць рух, пакуль не зразумела, піша Разничэнка.

Сем прылётаў было і ў горад Апосталава (гэта ў Крыварожскім раёне). Ракеты, па словах кіраўніка адміністрацыі, трапілі па трох школах горада. Яны разбураныя. Пашкоджаны жылыя дамы побач. Папярэдне 8 чалавек параненыя.

Сітуацыя на франтах застаецца без зменаў. Генштаб УСУ паведамляе аб сістэматычных абстрэлах, якія здзяйсняюць расійскія войскі. У прыватнасці, у Данецкай вобласці асноўныя намаганні расіян цяпер сканцэнтраваны на Краматорскім і Бахмуцкім напрамках. Тут яны "сістэматычна абстрэльваюць пазіцыі УСУ ўздоўж лініі судакранання — хочуць прадухіліць перакідку рэзерваў на іншыя кірункі. Спрабуюць папоўніць запасы боепрыпасаў і гаруча-змазачных матэрыялаў".

Напярэдадні расійскія войскі працягвалі абмежаваныя і беспаспяховыя наземныя атакі на ўсход ад Северска і на поўдзень ад Бахмута, адзначаюць у Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны. Паводле ацэнак экспертаў, у расіян пакуль не атрымліваецца нарасціць тэмпы прасоўвання. "21 ліпеня расійскія войскі правялі некалькі абмежаваных і моцна лакалізаваных наземных нападаў. Цяперашні расійскі аператыўны тэмп не моцна адрозніваецца ад таго, што быў падчас афіцыйна абвешчанай аператыўнай паўзы паміж 7 і 16 ліпеня", — адзначаюць у Інстытуце.

Няўдалай апынулася і ўчорашняя наземная атака расіян на поўначы ад Харкава. Адначасова расійскія войскі ўзмацнілі артылерыйскія ўдары па самым Харкаве. Вядома аб прылётах па грамадзянскай інфраструктуры ў неўстаноўленым раёне горада, адзначаюць у Інстытуце.

Обстрелы Никополя и безуспешные атаки россиян на Донбассе — 149-е утро войны
Карта баявых дзеянняў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

У Масквы больш няма сіл, каб дасягнуць сваіх мэтаў ва Украіне, адзначаюць аналітыкі Узброеных Сіл Канады.

"З-за значных страт асабістага складу і тэхнікі ў Расіі, верагодна, больш няма ваеннага патэнцыялу для рэалізацыі сваіх амбіцый ў Украіне", – гаворыцца ў аналізе. У сувязі з гэтым Расія, па думку канадскіх ваенных экспертаў, вымушана паменшыць свае стратэгічныя мэты.

Украіна мае істотны патэнцыял для прасоўвання сваіх сіл на фронце і для нанясення акупантам новых адчувальных страт. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага. Пра гэта распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

"Абмеркавалі бягучую сітуацыю на перадавой і вакол Украіны. Вызначылі задачы на некаторых тактычных кірунках для ўзмацнення нашых пазіцый. І вельмі прадметна прапрацавалі пытанне аб пастаўках найноўшых узбраенняў у войскі", — распавёў падрабязнасці сустрэчы Зяленскі.

У вайсковых колах ЗША ўсё ж абмяркоўваюць магчымасць перадачы Украіне штурмавікоў А-10, паведамляе ВВС са спасылкай на выданне New York Times. Эксперты адзначаюць, што гэта будзе выгадна і Кіеву, і пойдзе ў плюс амерыканскіх ВПС. Справа ў тым, што штурмавікі А-10 распрацоўваліся ў гады Халоднай вайны шмат у чым для барацьбы з савецкімі танкамі, якія і цяпер стаяць на ўзбраенні ў Расіі. З іншага боку Петагон ужо даўно спрабуе пазбавіцца ад гэтых самалётаў, каб закупіць больш сучасныя. Да гэтага часу Кангрэс не згаджаўся на замену — парламентарыі вылучалі грошы на мадэрнізацыю А-10. Міністр ВПС ЗША Фрэнк Кендал адразу ў некалькіх сваіх заявах на гэтым тыдні дапускаў магчымасць перадачы А-10 Украіне, адзначае ВВС. Хоць раней у Адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна казалі, што не гатовыя перадаваць Украіне самалёты. Там асцерагаюцца, што Масква ўспрыме гэты крок як эскалацыю ўдзелу ЗША ў вайне.

У Германіі затрымалася турбіна для трубаправода "Паўночны паток". Справу тармозіць Расія — яна дагэтуль не дала звесткі, якія неабходныя для ўвозу турбіны на яе тэрыторыю — куды менавіта дастаўляць і праз якую мытную станцыю. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на ананімныя інфармаваныя крыніцы. У каманіі Siemens Energy кажуць, што хацелі б транспартаваць турбіну да месца эксплуатацыі як мага хутчэй, аднак не ўвесь працэс залежыць толькі ад іх.

"Часам складваецца ўражанне, што Расія больш не хоча забіраць яе назад. Гэта азначае, што падстава тэхнічных праблем на самай справе мае палітычную падаплёку", — заявіў раней міністр эканомікі Германіі Роберт Габек.

На сёння ў Стамбуле запланаваны перамовы па аднаўленні экспарту ўкраінскіх збожжавых пад эгідай ААН. Па іх выніках можа быць падпісаны дакумент пра абавязальніцтвы бакоў па бяспечнаму функцыянаванню экспартных маршрутаў у Чорным моры. Пра гэта паведамляе "Громадське" са спасылкай на спікера Міністэрства замежных спраў Украіны Алега Нікаленку.

Нікаленка падкрэсліў, што ўкраінская дэлегацыя падтрымае "толькі тыя рашэнні, якія будуць гарантаваць бяспеку паўднёвых рэгіёнаў Украіны, моцныя пазіцыі ВСУ ў Чорным моры і бяспечны экспарт ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі на сусветныя рынкі".

Цырымонія падпісання Пагаднення аб адгрузцы збожжа павінна прайсці з удзелам украінскага і расійскага бакоў, а таксама прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана і Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрэша.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі