У занятых раёнах Херсонскай вобласці Расія рыхтуе рэферэндум па стварэнні "Херсонскай народнай рэспублікі", паведамляе Генштаб УСУ. Раней яшчэ — 12 сакавіка — дэпутат Херсонскага аблсавета Сяргей Хлань распавядаў, што расіяне тэлефануюць дэпутатам мясцовага абласнога савета і прапануюць супрацоўнічаць, у прыватнасці, правесці рэферэндум аб стварэнні "ХНР", нагадвае рэсурс "Громадське".
"Падтрымка сярод людзей нулявая, таму гэта поўная фікцыя", — пракаментаваў ініцыятыву кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба.
Ноччу Генштаб ВСУ паведамляў, што захоўваецца пагроза ракетных абстрэлаў "па аб'ектах абаронна-прамысловага комплексу і лагістычнай інфраструктуры Украіны". Расія перамяшчае ва Украіну дадатковыя падраздзяленні.
Ва ўкраінскім Генштабе мяркуюць, што праціўнік не адмовіўся ад ідэі заблакаваць Чарнігаў. Працягваюцца атакі на Харкаў — праціўнік "вядзе артылерыйскія абстрэлы горада", і барацьба за Марыупаль.
Вайна ва Украіне ўступае ў "вырашальны перыяд", так лічыць сенатар ЗША Ангус Кінг. Пра гэта ён заявіў у каментары CNN. На ягоную думку, расійскія войскі пераарыентуюць свае намаганні, а Пуцін становіцца ўсё больш адчайным.
Наступныя два тыдні пакажуць, "змогуць украінскія сілы падтрымліваць неверагодны ўзровень баявых дзеянняў, які яны паказваюць на працягу апошніх некалькіх тыдняў", — сказаў ён.
У Луганскай вобласці сітуацыя сапраўды абвастраецца. Расійскія войскі актыўна абстрэльваюць горада, заявіў кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай.
"Расіяне б'юць з усіх відаў цяжкага ўзбраення. Калі раней у Лісічанску людзі адчувалі сябе больш-менш бяспечна, у параўнанні з сітуацыяй у іншых гарадах вобласці, то ўчора, напэўна, не засталося ніводнага мікрараёна, куды б не трапіў "рускі свет", — заявіў Гайдай. Тут ёсць загінулыя, двое дзяцей у цяжкім стане ў бальніцы.
Сярод аб'ектаў, якія трапілі пад абстрэл у Лісічанску, была і нафтабаза.

У Трасцянцы Сумскай вобласці, які знаходзіўся пад кантролем расійскіх войскаў, "захопнікі замініравалі многія аб'екты, у тым ліку і могілкі", паведамляе "Громадське" са спасылкай на старшыню абласной адміністрацыі Дзмітрыя Жывіцкага.
На 1 красавіка запланаваны чарговыя перамовы паміж прадстаўнікамі Украіны і Расіі пра ўмовы спынення вайны. Яны пройдуць у фармаце анлайн.
Уладзімір Зяленскі адклікаў амбасадараў Украіны ў Грузіі і Марока.
"Пры ўсёй павазе — не будзе зброі, не будзе санкцый, не будзе перашкод для расійскага бізнэсу — шукайце, калі ласка, іншую працу", пракаментаваў ён сваё рашэнне.
У начным звароце ён таксама казаў аб тым, што "мы нікому не верым ні ў якія прыгожыя слоўныя канструкцыі". Ён таксама бачыць, што Расія на фоне заяў аб адводзе сваіх войскаў з Кіеўскага і Чарнігаўскага кірунку назапашвае сілы для новых удараў на Данбасе.
"Громадське" таксама распавядае аб тым, што міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў байкатаваць прадукцыю Ritter Sport. Кампанія адмовілася сыходзіць з расійскага рынку.
Яшчэ адна такая кампанія — французская будаўнічая сетка Leroy Merlin — адключыла ўкраінскіх супрацоўнікаў ад карпаратыўных каналаў камунікацыі і забрала доступ да старонкі ў Facebook. Гэта здарылася пасля таго, як на кампанію пасыпаліся патрабаванні пакінуць расійскі рынак. Аб гэтым піша DW.