Абітурыент ідзе на гісторыка з 386 баламі з 400

У галоўнай ВНУ краіны набралі ўсіх, апроч фізікаў. Не хапіла 25 абітурыентаў, каб запоўніць усе бясплатныя месцы.

“Вельмі дрэнна здалі ў гэтым годзе фізіку на тэставанні. Цяпер рыхтуем ліст у Мінадукацыі, каб нам дазволілі правесці дабор. На ваенным факультэце таксама недабралі 4 чалавекі. Людзі не набралі неабходны бал па матэматыцы”, — агучвае Еўрарадыё першыя вынікі намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў.

І дадае, што выдатнікаў і медалістаў у гэтым годзе больш, чым летась.

З самымі высокімі баламі ў БДУ ішлі на міжнароднікаў, айцішнікаў і… гісторыкаў(!). Самы высокі вынік па універсітэце — 396 балаў з 400 на “міжнародным праве”. А будучы гісторык паступае на “музейную справу” маючы 386 балаў з трох тэстаў і атэстата.

У галоўную ВНУ краіны без экзаменаў прынялі 28 абітурыентаў, бо сёлета пераможцы алімпіяд маюць такі бонус.

“На бюджэт недабралі фізікаў-матэматыкаў. На фізіку 10 месцаў вольных яшчэ, 5 на матэматыку і 5 на геаграфію”, — агучваюць у Магілёўскім універсітэце імя Куляшова. На астатніх спецыяльнасцях конкурс быў.

Брэсцкі універсітэт імя Пушкіна прыняў столькі ж абітурыентаў, колькі год таму. Хоць здаваўшых тэставанне было на 6 тысяч менш. Але тут таксама недабралі фізікаў і матэматыкаў. Амаль па ўсіх астатніх спецыяльнасцях склаўся конкурс. Восем чалавек у Брэсце паступілі на педагогаў без экзаменаў, бо перамаглі ў алімпіядах.

Набралі студэнтаў на ўсе бюджэтныя месцы ў Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Беларусі нацыянальны тэхнічны універсітэт недабраў адзінкі. Самы высокі конкурс тут чакаюць на спецыяльнасцях будаўнічага і энергетычнага профілю.

Акадэмія МУС ужо падлічыла прахадны бал на бюджэт. Каб патрапіць на факультэт міліцыі і вывучаць “Адміністратыўна-прававую дзейнасць” трэба ўсяго 144 балы з трох тэстаў і атэстата для хлопца. Для дзяўчат амаль удвая больш. Недабору тут няма. Але на ўсіх факультэтах ёсць тыя, хто не набраў нават 130 балаў. А ў БДУ, напрыклад, палова абітурыентаў мае 300 балаў.

Самы высокі вынік сёлета ў Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка — 352 балы. Столькі набрала абітурыентка матэматычнага факультэта. Адразу 72 чалавекі паступаюць у гэтую ВНУ без экзаменаў — гэта пераможцы алімпіяд і медалісты. Можа, тэставанне здаваць не хацелі…

Цяпер у Мінадукацыі вырашаюць ці варта праводзіць дабор на спецыяльнасці, па якіх ёсць “вострая кадравая запатрабаванасць у эканоміцы і сацыяльнай сферы”.

Фота: muiv.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі