Абавязковай рэгістрацыі інтэрнэт-выданняў пакуль не будзе

Пастанова ўраду, якая рэгламентуе абавязковую рэгістрацыю інтэрнэт-выданняў, прадугледжаную новым законам "Аб сродках масавай інфармацыі", "верагодна, у найбліжэйшы час не з'явіцца". Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) юрыст Андрэй Бастунец.

Ён паведаміў, што дзейнасць рабочай групы па распрацоўцы праекта адпаведнай пастановы была прыпынена па выніках круглага стала "Інтэрнэт-СМІ: выклікі XXI стагоддзя", арганізаванага офісам прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ і Міністэрствам інфармацыі Беларусі ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў 24 лістапада ў Мінску.

Паводле А.Бастунца, замест абавязковай рэгістрацыі інтэрнет-выданняў прапаноўваецца праводзіць добраахвотную. Заканадаўча гэта пакуль не прадугледжана, але "гучыць у заявах службовых асобаў". Добраахвотную рэгістрацыю выкарыстоўваюць тыя інтэрнэт-рэсурсы, якія хочуць атрымаць статус СМІ, адпаведныя правы і абавязкі. Журналісты такіх інтэрнэт-выданняў атрымліваюць акрэдытацыю ў дзяржаўных органах і права ажыццяўляць дзейнасць ад імя зарэгістраванага СМІ.

"Мы станоўча ацэньваем гэтыя змяненні, бо БАЖ гэтага і дабівалася: каб рэгістрацыя і перарэгістрацыя СМІ праходзіла ў добраахвотным парадку пры мінімуме фармальнасцей і перашкод", — сказаў А.Бастунец. Нагадаем, новы закон "Аб сродках масавай інфармацыі" набудзе моц 8 лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі