Абарона Знака абскардзіла абвінавачанне: мала прававых паняццяў, шмат ідэалогіі

Максім Знак / Еўрарадыё
Максім Знак / Еўрарадыё

Абарона сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Максіма Знака накіравала скаргу на абвінавачанне, выстаўленае яму, расказаў адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Пасля затрымання ў верасні 2020 года Максіму Знаку выставілі абвінавачанні ў публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч.3 арт. 361 КК). У лютым 2021 яго абвінавацілі яшчэ па двух артыкулах — у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім (ч.1 арт. 361-1 КК).

Лютаўскае абвінавачанне і абскарджваюць адвакаты Знака.  Паводле слоў Лаеўскага, "тэкст абвінавачання — гэта асобная гісторыя". Ён прызнаецца, што раней не сустракаў у пастановах такога стылю — толькі ў мастацкай і публіцыстычнай літаратуры.

"Падчас чытання заўважыў, што ў абвінавачанні мала прававых паняццяў і шмат ідэалагічных ацэнак — такі стан рэчаў адразу спараджае сумнеў наконт матываў крымінальнага пераследу", — адзначыў адвакат.

Ён асобна спыніўся на арт. 357 КК РБ "Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам". Лаеўскі адзначае, што "следчаму трэба сфармуляваць, у якіх дзеяннях выразілася "змова", на дасягненне якой мэты яна скіраваная, у якіх дзеяннях павінен быў выражацца "захоп улады" і што ўлада пераходзіць да ўдзельнікаў змовы менавіта спосабам, які супярэчыць Канстытуцыі".

"Але ў абвінавачванні Знаку гэтыя прыкметы не раскрытыя", — падкрэслівае адвакат. Адпаведна, склад злачынства па арт. 357 КК адсутнічае.

"Значыць, няма падставаў для крымінальнага пераследу — трэба вызваляць чалавека", — лічыць Дзмітрый Лаеўскі.

Такія ж абвінавачванні па трох артыкулах КК РБ выстаўленыя і іншаму сябру прэзідыума КР —  Марыі Калеснікавай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі