Вы тут

Аб прызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам не можа быць і гаворкі — кіраўнік Літвы

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа​ / lrt.lt

Аляксандр Лукашэнка не можа быць прызнаны ў якасці законнага прэзідэнта Беларусі, заявіў у чацвер у інтэрв'ю Літоўскаму нацыянальнаму радыё і тэлебачанню кіраўнік Літвы Гітанас Наўседа.

"Не можа быць ніякай гаворкі аб яго прызнанні прэзідэнтам Беларусі, таму што выбары 2020 года былі несправядлівымі, іх вынікі сфальсіфікаваныя і не могуць быць прызнаныя", —  заявіў літоўскі лідар.

Але для вырашэння міграцыйнага крызісу кантактаваць з Лукашэнкам прыйдзецца. Без яго ўдзелу вырашыць праблему з мігрантамі, якія імкнуцца праз Літву і Польшчу ў больш заможныя краіны ЕС "практычна немагчыма альбо надзвычай складана", адзначыў Наўседа. Пасля размовы Ангелы Мэркель з Лукашэнкам пачало адбывацца "тое, што, на наш погляд, і павінна было адбыцца: людзі вяртаюцца на радзіму ў запоўненым самалёце. Значыць, сітуацыя хаця б у якой-то ступені развіваецца ў напрамку дээскалацыі".

Наўседа выказаўся і з нагоды санкцый у дачыненні да Мінска. Прычын змякчаць іх пакуль няма. Са жніўня 2020 года ў Беларусі з правамі грамадзян нічога не змянілася. Прэзідэнт Літвы таксама пракаментаваў чуткі аб магчымым выключэнні нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" з новага санкцыйнага спісу. Раней з'явілася інфармацыя, што за гэта выказаліся Германія і Італія. На думку Наўседы, гэта няправільнае рашэнне , "так як гэтая авіякампанія была адной з прычын узнікнення праблемы міграцыйнага крызісу. Таму "Белавія" павінна застацца ў спісе".

Ён таксама выказаўся рэзка супраць ідэі размеркаваць мігрантаў паміж суседнімі з Беларуссю краінамі ЕС, гэта значыць Літвой і Польшчай.

"Людзі павінны быць вернутыя дадому з Беларусі жывымі і здаровымі, каб надалей не дазваляць падманваць сябе такім рэжымам", — лічыць прэзідэнт Літвы.

Напярэдадні з Мінска вылецеў першы эвакуацыйны рэйс у Ірак. На ім дадому вярнуліся каля 430 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.