Вы тут

9 жніўня ў Доме ўрада будуць працаваць толькі дзяржаўныя СМІ

Цэнтрвыбаркам / БЕЛТА

9 жніўня, у дзень выбараў, Цэнтрвыбаркам не будзе ствараць вялікі інфацэнтр для СМІ ў малой зале Палаца Рэспублікі, як гэта рабілася раней. 

У Доме ўрада будуць працаваць прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, астатніх журналістаў не пусцяць — у сувязі эпідэміялагічнай абстаноўкай. Зранку 10 жніўня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына дасць прэс-канферэнцыю для ўсіх СМІ.

"Было прынята рашэнне інфармацыйны цэнтр у традыцыйным фармаце ў Палацы Рэспублікі не ствараць, а абмежавацца працай па выдачы інфармацыі з Дома ўрада. 9 жніўня праца будзе ісці з Дома ўрада з асноўнымі сродкамі масавай інфармацыі, усё будзе транслявацца на сайце Белтэлерадыёкампаніі, БЕЛТА і "СБ". Гэта тыя СМІ, якія могуць забяспечыць трансляцыі на афіцыйныя рэсурсы. А ўжо ў панядзелак, 10 жніўня, застаецца традыцыйны фармат працы: будзе брыфінг кіраўніцтва ЦВК і прэс-канферэнцыі місій міжнародных назіральнікаў з прысутнасцю журналістаў як нацыянальных, так і замежных", — перадае TUT.by словы намесніка загадчыка аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы ЦВК Івана Толкача.

У размове з Еўрарадыё Толкач пацвердзіў, што ў журналістаў недзяржаўных СМІ ў дзень выбараў не будзе магчымасці працаваць у прэс-цэнтры Дома ўрада.

Звесткі пра тое, што прэс-цэнтра для журналістаў у дзень выбараў можа не быць, з'явіліся на пачатку ліпеня. Цяпер гэтае рашэнне прынятае канчаткова: журналісты могуць акрэдытавацца толькі на брыфінг кіраўніцтва ЦВК па выніках выбараў, а таксама на прэс-канферэнцыі місій міжнародных назіральнікаў.

Выключэнне для супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, верагодна, азначае, што на іх эпідэміялагічная абстаноўка не дзейнічае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.