8 чэрвеня будзе вырашацца лёс гандлёвых прэферэнцый для Беларусі

8 чэрвеня ў Жэневе на пасяджэнні Міжнароднай канферэнцыі працы будзе разгледжана сітуацыя са становішчам незалежных прафсаюзаў Беларусі. Пра гэта паведаміў лідэр Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, які прымае ўдзел у працы канферэнцыі. Падчас пасяджэнняў будзе разгледжаны даклад аб сітуацыі з прафсаюзамі ў нашай краіне, падрыхтаваны экспертамі Міжнароднай арганізацыі працы, і інфармацыя аб мерах па выкананні рэкамендацый МАП, якую прадставіць беларускі ўрад.

У Жэневе цяпер знаходзіцца беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам Андрэем Кабяковым і намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч, а таксама старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік. Нагадаем, 21 чэрвеня ўступае ў сілу рашэнне Еўрасаюза аб пазбаўленні Беларусі гандлёвых прэферэнцый у сувязі з парушэннем правоў працаўнікоў і прафсаюзаў. Гэтае рашэнне можа быць адменена пры выкананні беларускімі ўладамі рэкамендацый МАП.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі