Вы тут

6-гадовая блогерка ўзяла інтэрв'ю ў лідара “Дай дарогу!” Юрыя Стыльскага

Дарыя Скамарошчанка і Юрый Стыльскі. Кадр з праекту "Форточка"

Лідар "Дай Дарогу" Юрый Стыльскі стаў першым героем онлайн-праграмы "Форточка" 6-гадовай брэсцкай блогеркі-вундэркінда Дарыі Скамарошчанка. Дзяўчынка збіраецца запісаць серыю размоў з вядомымі берасцейцамі ці знакамітасцямі, якія прыязджаюць у Брэст.

У размове з Дарыяй Юрый узгадвае дзяцінства і распавядае пра працу музыкам. Дарыя даведалася, што любімая кніга Юры —"Барон Мюнхаўзен", што ў дзяцінстве ён марыў стаць Баронам Мюнхаўзенам і мяркуе, што яго мара здзейснілася. Яшчэ Юра прызнаўся, што не любіў прачынацца ў школу, а каб дапамагчы маме, выбіваў дываны. А яшчэ распавёў пра свайго сына Антоніа, які жыве ў Італіі, і пра тое, што мае сур'ёзныя адносіны з дзяўчынай.

"Мне падабаецца, што сучасныя бацькі не абыякавыя да сваіх дзяцей, і гэта бачна на прыкладзе Дарыі, — дзеліцца з Еўрарадыё ўражаннямі Юрый Стыльскі. — Яны сябруюць, спрабуюць развіваць дзетак, каб яны не тармазілі ў часе, як яно было са мной — калі ўсё пускалася на самацёк".

Шасцігадовая Дарыя вядомая сваёй любоўю да кніг і шахмат. Яна вядзе блог на YouTube, дзе чытае вершы і казкі. Дзяўчынка ведае на памяць больш за сто кніжак і перамагае на сур'ёзных шахматных турнірах. Дарыя ўдзельнічала ў тэлешоу "Лучше всех" і выйграла 50 тысяч грывень у праграме "Рассмеши комика".

Па словах маці дзяўчынкі, Каці Таберка, разынкай праекта з'яўляецца яшчэ і тое, што Дарыя вучыць сваіх суразмоўцаў гуляць у шахматы, а яны яе — сваёй навуцы. Інтэрв'ю Дарыі не будуць абмяжоўвацца размовамі пра культуру. У планах Дарыі  — размова з Дыега Марадона.