53-гадовы Юрый Пудышаў згуляў у кубкавым матчы за МТЗ-РЫПА

Капітан “залатога” складу мінскага “Дынама” 1982 года 53-гадовы Юрый Пудышаў згуляў у матчы 1/16 Кубка Беларусі па футболе за МТЗ-РЫПА. У Ганцавічах мінчукі выйгралі ў мясцовага ПМК-7 з лікам 3:2.
Юрый Пудышаў, як вядома, з'яўляецца старшым трэнерам мінскай каманды. На поле ён выйшаў за 10 хвілін да заканчэння матча. МТЗ-РЫПА з цяжкасцю перамог каманду, якая выступае ў спаборніцтвах калектываў фізкультуры.

Юрый Пунтус у інтэрв’ю “Еўрарадыё” патлумачыў выхад на поле Пудышава жаданнем прынесці “трошкі радасці ганцавіцкім балельшчыкам”. Ну і, зразумела, самому Пудышаву. Сёлета спаўняецца 25 гадоў з часу, калі мінскае “Дынама” стала чэмпіёнам Савецкага Саюзу.
 
Паводле словаў Пунтуса, планавалася, што ветэран пагуляе больш і выйдзе на поле, “калі сітуацыя будзе больш-менш спакойная”. Аднак гульцы МТЗ-РЫПА недаацанілі саперніка, ім давялося адыгрывацца, таму матч атрымаўся вельмі напружаным.

“На жаль, ён паспеў згуляць толькі хвілін 10, - кажа Юрый Пунтус. – Юрый Аляксеевіч выйшаў пятай заменай, якая рэгламентаваная. Пасля таго, як Афанасьеў атрымаў траўму, я вырашыў яго выпусціць”.

Пасля матчу Юрый Пудышаў адчуваў сябе выдатна. Ён раздаваў аўтографы шматлікім ганцавіцкім аматарам футболу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі