5 цікавостак з цырымоніі ўзнагароджання “Оскар”

Амерыканская акадэмія кінамастацтваў у 87-мы раз уручыла свае статуэткі лепшым фільмам мінулага года. Цырымонія “Оскар” традыцыйна прайшла ў Лос-Анжэлесе. Еўрарадыё вылучыла 5 цікавых момантаў.

На цырымоніі хвілінай маўчання ўзгадалі знакамітых акцёраў, якія памерлі ў мінулым годзе. Сярод іх быў і Робін Уільямс.

Эдзі Рэдмэйн, атрымаў статуэтку за лепшую мужчынскую ролю (фільм “Сусвет Стывіна Хокінга”), спыніўшы такім чынам дзесяцігадовую традыцыю, згодна з якой, акцёры, якія атрымлівалі “Залаты глобус” не перамагалі на “Оскары”.

Усходняя Еўропа чакала, хто ж атрымае статуэтку ў катэгорыі “лепшы фільм на замежнай мове”. Намінавана было 5 кінастужак, з якіх 3 — з Усходняй Еўропы. Перамог польскі фільм “Іда” Паўла Паўлікоўскага, што стала нечаканасцю нават для самога рэжысёра. Першае што ён сказаў, калі выйшаў на сцэну: “Жыццё поўнае сюрпрызаў!”.

Вядучы Ніл Патрык Харыс паказаў цудоўны музычны нумар, фокус з прадказаннем вынікаў і нават выйшаў на сцэну ў адных трусах, як Майкл Кітан з “Бёрдмана”.

Няўдачай цырымоніі можна лічыць “Малалецтва” Рычарда Лінклейтэра. Фільм быў прадстаўлены ў шасці намінацыях. Меркавалася, што ён будзе галоўным сапернікам “Бёрдмэна”, але ў выніку стужка, якая здымалася на працягу 11 гадоў, атрымала толькі адну статуэтку. Яе атрымала Патрысія Аркет за лепшую жаночую ролю другога плана.

Нагадаем, найлепшым мастацкім фільмам паводле амерыканскіх кінаакадэмікаў прызнаная стужка “Бёрдмэн” Алехандра Гансалеса Іньярыту. Фільм мексіканскага рэжысёра таксама атрымаў статуэткі ў намінацыях за найлепшую аператарскую працу, арыгінальны сцэнарый і лепшую рэжысуру.

Праца Уэса Андэрсана “Гатэль Гранд Будапешт” атрымала 4 статуэткі — за найлепшую працу мастака, за лепшы дызайн строяў, за найлепшую музыку і найлепшы грым.

Прыз за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў Эдзі Рэдмэйн і фільм “Сусвет Стывена Хокінга”, а за найлепшую жаночую ролю — Джуліяна Мур за стужку “Усё яшчэ Эліс”.

“Оскара” за найлепшы дакументальны фільм атрымала стужка пра Эдварда Сноўдэна “Грамадзянін чатыры” Лоры Пойтрас.

Лепшы анімацыйны поўнаметражны фільм — “Горад герояў”.

Прыз за лепшы адаптаваны сцэнарый атрымала біяграфічная стужка Грэма Мура пра Алана Т’юрынга — “Гульня ў імітацыю”.

Фота: are-ezine.com, Reuters, AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі