4—7 траўня ў Празе адбудуцца Беларускія дні

4—7 траўня ў сталіцы Чэхіі адбудзецца шэраг мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў Беларусі ў рамках акцыі "Беларускія дні ў Празе".  Як паведамляе БелаПАН, 4 траўня ладзіцца прагляд дакументальнага фільма пра Беларусь і дыскусія пра сітуацыю ў краіне. У гутарцы прымуць удзел беларускі палітолаг Алесь Лагвінец і былы міністр унутраных спраў Чэхіі Ян Румл.

На 5 траўня прызначаная сустрэча экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка, кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслава Шушкевіча і лідэра руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча з прэм'ер-міністрам Чэхіі Міракам Тапаланекам.

У той жа дзень Пазьняк, Шушкевіч і Сурвіла паразмаўляюць з беларускімі студэнтамі.

Зранку 6 траўня пяцёра палітыкаў правядуць сустрэчы ў камітэце па міжнародных пытаннях чэшскага парламента. Увечары таго ж дня ў бібліятэцы Вацлава Гавела беларускі "Свабодны тэатр" пакажа спектакль "Пакаленне Jeans".

Акрамя таго, 5 і 6 траўня пяцёра прадстаўнікоў беларускай апазіцыі прымуць удзел у канферэнцыі "Ўсходняе партнёрства: фармаванне форуму грамадзянскай супольнасці".

На 7 траўня запланаваная сустрэча беларускіх апазіцыянераў з кіраўніком МЗС Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам. Затым яны адкажуць на пытанні журналістаў.

7 траўня на адной з цэнтральных плошчаў Прагі адбудзецца дэманстрацыя супраць рэпрэсій у Беларусі. Плануецца, што на ёй выступяць актывісты беларускіх дыяспар у Бельгіі, Польшчы і Чэхіі, Ян Румл і прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі