Вы тут

"Дата генератар": 29 лістапада 1938 — дзень расправы з Браніславам Тарашкевічам

Пісьменнік Анатоль Тарас

У гэты дзень недзе ў Маскве кат выканаў прысуд карных органаў і забіў Браніслава Тарашкевіча, вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага і палітычнага руху.

Чым жа ён быў вядомы і чаму яго забілі?

У дзейнасці Тарашкевіча было два несумнеўныя дасягненні.

Па-першае, ён у 1918 годзе стварыў знакаміты падручнік беларускай граматыкі (вытрымаў 6 выданняў), якім карысталіся ў БНР і БССР з 1918 да 1933 г., а ў Заходняй Беларусі да канца 1939 г. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі частка нашых журналістаў, філолагаў ды гісторыкаў дэманстратыўна вярнулася да гэтай граматыкі, супрацьпаставіўшы яе так званай наркамаўцы.

Па-другое, ён стварыў у Заходняй Беларусі партыю пад назвай Беларуская сялянска-работніцкая грамада і кіраваў ёю. Пра гэта трэба сказаць больш падрабязна.

У кастрычніку 1923 г. па загадзе Камінтэрна групоўка актывістаў стварыла нелегальную Камуністычную партыю Заходняй Беларусі (КПЗБ). На момант стварэння ў КПЗБ было 528 чалавек, пад канец 1927 г. — 3254 чалавекі. Лозунгі партыі — усталяванне ўлады саветаў, ліквідацыя буржуазіі і абшарнікаў, уз’яднанне з БССР — не карысталіся моцнай падтрымкай сярод насельніцтва. Затое КПЗБ мела падтрымку фінансамі з Мінска.

У тыя ж гады (1922-і — пачатак 1925-га) на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічалі так званыя чырвоныя партызаны, на самай справе — тэрарысты і дыверсанты, закінутыя з БССР. Яны забілі некалькі соцень польскіх службоўцаў, паліцэйскіх і вайскоўцаў, абшарнікаў, гандляроў, спалілі шмат пабудоў, аднак народ зусім іх не падтрымаў.

Таму ў Мінску і Маскве вырашылі актыўна карыстацца легальнымі, у тым ліку парламенцкімі сродкамі палітычнай барацьбы. Падчас выбараў у 1922 г. беларусы атрымалі 11 месцаў (са 444) у сейме і 3 месцы (са 111) у сенаце Польскай рэспублікі.

24 чэрвеня 1925 г. дэпутаты Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Паўла Валошын і Пятро Мятла стварылі пасольскі клуб пад назвай “Беларуская сялянска-работніцкая грамада”. А ў траўні 1926 года БСРГ пад старшынствам Тарашкевіча пачала дзейнічаць як палітычная партыя. Яе праграма па змесце была падобная да праграмы нелегальнай КПЗБ. На грошы з Мінска БСРГ выдавала некалькі газет.

БСРГ таксама была створана і дзейнічала па заданні Камінтэрна. Фактычна яна ўяўляла сабою легальнае крыло КПЗБ. Камінтэрн (г. зн. Сталін) паставіў ім задачу: вярнуць Заходнюю Беларусь у склад СССР. То было часткай яго плана па вяртанні пад уладу Масквы ўсіх земляў былой Расійскай Імперыі. Калі верыць справаздачам кіраўніцтва БСРГ, то яна ў студзені 1927 г. складалася прыблізна з 2 тысяч гурткоў, якія аб’ядноўвалі каля 120 тысяч чалавек. Імі кіравалі 18 павятовых камітэтаў. Зразумела, амаль усе сябры КПЗБ адначасова ўваходзілі ў тыя гурткі і камітэты. На першы погляд — вялікая сіла.

Грамадаўцы разам з камуністамі і камсамольцамі павінны былі арганізаваць масавыя выступы рабочых і сялян у форме працяглага ўсеагульнага страйку, сутыкненняў з паліцыяй, разгрому маёнткаў землеўласнікаў. А гэта дало б фармальную падставу для ўварвання Чырвонай Арміі — каб “выратаваць працоўных ад тэрору ваенна-фашысцкага рэжыму пілсудчыкаў”.

Пра гэты план і метады яго выканання падрабязна расказаў у сваіх артыкулах Міхась Гурын-Маразоўскі (1891–1928), якія з канца 1927 г. ён друкаваў у газеце “Беларускі дзень”. Пра тое ж самае Гурын расказаў у лютым — сакавіку 1928 г. на працэсе 56 кіраўнікоў. Усе зразумелі, што так званыя рэвалюцыянеры ў рэчаіснасці выконвалі заданні, пастаўленыя ім з Масквы і Мінска. Гурын ведаў гэта дасканала, бо сам быў накіраваны з Мінска ў Заходнюю Беларусь у лютым 1924 г. для арганізацыі ўзброенага паўстання і нават выконваў абавязкі сакратара ЦК КПЗБ. Натуральна, Мінск патрабаваў ад кіраўнікоў КПЗБ ліквідацыі Гурына. Тыя абвясцілі выкрывальніка правакатарам, агентам “дэфензівы” і загадалі сваім баевікам забіць яго. Гэта зрабілі 16 сакавіка 1928 г. Андрэй Капуцкі (1897–1934) і Сямён Клінцэвіч (1899–1937). Публікацыя выкрыццяў спынілася.

Але з планаў масавых рэвалюцыйных выступаў нічога не атрымалася. Неўзабаве пасля прыходу да ўлады Ю. Пілсудскага, 21 сакавіка 1927 г., улады Польшчы забаранілі дзейнасць БСРГ па абвінавачанні ў падрыхтоўцы ўзброенага паўстання. То было праўдай. Яе кіраўнікоў і актывістаў прысудзілі да турэмнага зняволення. Цікава тое, што 120 тысяч “рэвалюцыянераў” моўчкі праглынулі забарону. Таму мне здаецца, што было іх на самай справе менш разоў гэтак у дзесяць.

Тарашкевіч і яго памагатыя (Паўла Валошын, Пятро Мятла, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Максім Бурсевіч, Ян Бабровіч) прайгралі. Сталін жа вельмі не любіў людзей, якія не спраўдзілі яго надзей. Ён лічыў, што план паўстання быў правалены выключна таму, што кіраўнікі БСРГ прадаліся польскім спецслужбам. Ніякага іншага чынніка ён не бачыў. Сапраўды, Кастрычніцкі пераварот 1917 г. у Расіі ажыццявілі невялікія групы ўзброеных фанатыкаў. Чаму ў Польшчы павінна быць інакш? Значыць — здраднікі. А здраднікаў трэба ліквідаваць. Што і зрабілі.

Што тут можна сказаць? Тарашкевіч і яго таварышы самі пайшлі на службу д'яблу. Яны павінны былі ведаць, што д'ябал спакушае людзей прыгожымі, але хлуслівымі абяцаннямі і што служэнне яму абавязкова вядзе да згубы душы і смерці цела. Такім чынам, кіраўнікі БСРГ самі вызначыі свой лёс.

Няўжо яны не бачылі, што такое бальшавізм? Безумоўна, бачылі. Але ж спадзяваліся, што Сталін прызначыць іх на кіруючыя пасады ў аб’яднанай савецкай Беларусі. Гэта было вялізарнай дурасцю! Таму за што бароліся, на тое і напароліся. 

Хачу дадаць да гэтага, што і вяртанне да граматыкі Тарашкевіча ў незалежнай Беларусі абсалютная большасць грамадства не падтрымала. Дый 100 гадоў таму з ёй не ўсё было проста. Вядомы філолаг Янка Станкевіч (1891–1976) у сувязі з пятым выданнем “Беларускай граматыкі…” у 1929 г. заявіў (цытую):

“У гэтым выданні сэнс шэрагу правілаў стаў процілеглым у параўнанні з першымі чатырма выданнямі. Тарашкевіч не даў навуковых тлумачэнняў да сваіх развязанняў спрэчных пытанняў беларускай граматыкі ні ў адным з выданняў. Граматыка Тарашкевіча мае шмат паланізмаў, нават варварызмаў і няўдалую граматычную тэрміналогію”.

Я не лінгвіст, судзіць не магу. Але бачу, што сёння “тарашкевіцай” карыстаецца толькі невялічкая жменька беларускіх інтэлектуалаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.