Вы тут

2,73%: хто з “парламента мары” Еўрарадыё стаў дэпутатам

Віталь Васюкоў, Валерый Варанецкі, Уладзімір Гацко 

Віталь Васюкоў

vybary2019.by

У Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акрузе №26 перамогу атрымаў Віталь Васюкоў. 

Вось як Еўрарадыё тлумачыла свой выбар:

“Гэты кандыдат не такі ўжо і малады і не з апазіцыі, але прываблівае сваёй прафесіяй. Дырэктар філіяла “Беларусбанка” Віталь Васюкоў зможа растлумачыць дэпутатам асаблівасці фінансавых праектаў законаў”.

У перамогу Васюкова мы не верылі, бо з ім на адной акрузе вылучаўся дзейны (пакуль яшчэ) дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віталь Чудовіч. Што ж, бывае і такое.

Валерый Варанецкі

Валерый Варанецкі вылучаўся па Свіслацкай выбарчай акрузе №94. Гэта адзіны з дзейных дэпутатаў, які трапіў у “парламент мары” Еўрарадыё:

“Тут мы прадказваем, што пераможа былы намеснік міністра замежных спраў, цяперашні дэпутат Нацыянальнага сходу. Але і мы самі абралі б яго ў парламент: моцны кандыдат з дыпламатычным бэкграўндам, любіць беларускую культуру і размаўляе па-беларуску”. 

Сярод яго сапернікаў быў галоўны рэдактар “Белгазеты” Кірыл Жываловіч. Але з яго імем звязаны скандал у выданні, які адбыўся на пачатку 2019 года, таму ён нашыя сімпатыі не заваяваў. 

Уладзімір Гацко

vybary2019.by

Хоць Уладзімір Гацко і не дзейны дэпутат, але, на нашую думку, сітуацыя ў яго Бабруйскай сельскай акрузе №80 была падобная да той, што была ў акрузе ў Валерыя Варанецкага. Гэтага кандыдата Еўрарадыё таксама абрала і ў асабісты “парламент мары”, і ў свой “рэальны прагноз”: 

“У Бабруйскім раёне толькі два кандыдаты ў дэпутаты. Гэта дырэктар Бабруйскага лясгаса і галоўны ўрач Бабруйскай цэнтральнай бальніцы. На нашу думку, выйграе доктар-функцыянер Уладзімір Гацко, і яго ж прапанавалі б абраць дэпутатам і мы”.

Такім чынам, са 110 будучых дэпутатаў прадстаўнікі нашага “парламента мары” склалі ўсяго 2,73%.

“Рэальны прагноз” Еўрарадыё спраўдзіўся на 88,2%. Са 110 кандыдатаў мы памыліліся ў 13 імёнах “прызначэнцаў”.