20:13 Вернікі просяць вярнуць святыню

Больш за чатыры тысячы подпісаў сабрана пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне вернікам мінскіх манастыра і касцёла бернардзінцаў - помнікаў архітэктуры барока XVII стагоддзя, размешчаных па вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Як паведаміла член камітэта рымска-каталіцкай абшчыны святога Іосіфа
Івона Мацукевіч, у звароце, у прыватнасці, гаворыцца, што вернікі
"абураны бязбожным планам рэканструкцыі манастырскага комплексу і
касцёла св. Іосіфа".

"Мы пратэстуем супраць рэканструкцыі асвешчанага
храма і манастыра - месца малітвы і духоўнага адраджэння нашага народа
- пад гатэльны комплекс, забаўляльныя залы, рэстараны", - зазначаецца ў
дакуменце.

Вернікі просяць вярнуць святыню Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і
адзначаюць, што набажэнствы ў касцёле будуць праводзіцца па-беларуску,
а будынкі манастыра будуць выкарыстоўвацца пад нядзельную школу і
ведамствы архідыяцэзіі.

Збор подпісаў пачаўся пасля таго, як стала
вядома аб планах Мінскага гарвыканкама перадаць будынкі манастыра
інвестарам для рэканструкцыі і прыстасавання пад гатэльны комплекс і
аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння.

Манастыр, пабудаваны на сродкі
дабрачынцаў, а не казны, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі
Расійскай імперыі пасля ўдушэння нацыянальна-вызвольнага паўстання
супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

У будынку былога храма дагэтуль размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў
навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей
літаратуры і мастацтва. З будынкаў манастыра выселены службы ваеннай
камендатуры і пракуратуры.

Трэба зазначыць, што ў студзені 2007 года
ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі
Міністэрства культуры выдала унітарнаму прадпрыемству "Мінскпраект"
дазвол на правядзенне навукова-даследчых і праектных работ на аб'ектах
былога манастыра.

Больш за тры гады абшчына св. Іосіфа праводзіць
штодзённыя набажэнствы за вяртанне вернікам будынка былога касцёла, дзе
плануецца размясціць канцэртную залу.