18 траўня ў Dreamland абяруць беларускага ўдзельніка Emergenza СНД 2013

18 траўня на адкрытай пляцоўцы парка Dreamland пройдзе фінальны адбор фэсту Emergenza Belarus 2013. У конкурсе бяруць удзел пераможцы чатырох паўфіналаў гурты "Красные звёзды", Ushuaia, "Кашлаты Вох", "Йо-Йо", "Девятый миллиметр", Inside Us, Tim Erna, Mindalevidnoe Telo, My Reality ды Nizkiz. Адмысловымі гасцямі адбору стануць J-J Bingz ды Other Noises.


Выбіраць лепшага будуць гледачы сумесна з сябрамі журы, якое складаецца з музыкаў, журналістаў ды прадзюсараў. Гурт-пераможца атрымае магчымасць прадставіць краіну на фінале Emergenza СНД. У выпадку перамогі і там, ён паедзе на вялікі міжнародны конкурс у межах нямецкага Taubertal Open Air, а таксама атрымае 3000 долараў "на развіццё".


За два гады прысутнасці Emergenza ў Беларусі самага вялікага поспеху дасягнуў мінскі гурт No Comment Band. На міжнародным фінале ў Германіі каманда трапіла ў першую дзясятку. А бас-гітарыст гурта Алег “Лімон” стаў адным з лепшых музыкаў фэсту па версіі імпрэзы.


Emergenza — музычны марафон, які праходзіць больш чым у 20 краінах свету. Гэта самы вялікі міжнародны музычны фестываль для пачаткоўцаў ды паўпрафесійных гуртоў. Фестываль праходзіць ва ўсіх буйных гарадах заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Удзел у ім могуць узяць гурты любой стылістыкі, яны могуць выконваць як уласныя творы, так і каверы. Пераможца міжнароднага фіналу ў Германіі ў межах 30-тысячнага Taubertal Open Air атрымлівае гадавую прома-падтрымку ад арганізатараў фэсту, а таксама бюджэт на развіццё гурта.


Квіткі на імпрэзу, якая пачнецца ў 17:00, каштуюць 70 тысяч (у дзень канцэрта — 80 000). Набыць іх можна на сайце kvitki.by, а таксама ў касах горада.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі