16:27 Дзіцячае "Еўрабачанне" прымае заяўкі

Пачаўся прыём заявак для ўдзелу ў рэспубліканскім дзіцячым конкурсе "Песня для Еўрабачання" — адборачным туры дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2007".  Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, конкурс складаецца з двух этапаў — адборачнага тура і фіналу. Заяўкі для ўдзелу ў адборачным туры прымаюцца да 31 траўня. Яго вынікі будуць падводзіцца з 1 па 7 чэрвеня.

Для ўдзелу ў фінале прафесійнае журы адбярэ не больш чым дзесяць песень. Фінал нацыянальнага конкурсу пройдзе ў верасні 2007 году на Першым канале ў форме гала-канцэрта.

Песня-пераможца рэспубліканскага конкурсу будзе вызначацца па выніках тэлефоннага галасавання тэлегледачоў і галасавання прафесійнага журы.

У прэс-службе адзначылі, што сёлета змяніўся ўзроставы цэнз удзельнікаў конкурсу. Да ўдзелу ў ім дапускаюцца дзеці, якім на момант падвядзення вынікаў нацыянальнага конкурсу павінна быць не менш за дзесяць гадоў і на момант правядзення міжнароднага конкурсу — не больш за пятнаццаць.

У конкурсе можа ўдзельнічаць песня, якая складаецца з вершаў на рускай або беларускай мове і музыкі, якія ніколі не былі камерцыйна рэалізаваныя, абнародаваныя або публічна выкананыя. Аўтары слоў і музыкі павінны ўдзельнічаць у выкананні песні ў якасці спевака або музыканта.

Песня можа быць прадстаўлена максімум васьмю юнымі выканаўцамі. Арганізатарамі рэспубліканскага конкурсу з'яўляюцца Белтэлерадыёкампанія і Міністэрства культуры Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі