15 гадоў таму ў Мінску адбыўся выбух у метро
Пацярпелай ад выбуху ў мінскім метро аказваюць дапамогу медыкі / LookByMedia
11 красавіка 2011 года ў мінскім метро на станцыі "Кастрычніцкая" адбыўся выбух, які забраў жыцці 15 чалавек. Пацярпела 192 чалавекі. Улады назвалі гэта тэрактам. Ужо 13 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён раскрыты. Яго арганізатарамі былі названы жыхары Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Расследаванне працягвалася тры месяцы.
17 сакавіка 2012 года беларускае тэлебачанне паведаміла пра расстрэл Канавалава і Кавалёва. Усе рэчавыя доказы ў справе, акрамя пашкоджанага выбухам вагона метро, былі знішчаны.
У 2023 годзе "Кіберпартызаны" апублікавалі дакумент, у якім даты расстрэлаў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва не супадаюць з афіцыйнымі дадзенымі. Паводле афіцыйных звестак, Канавалава расстралялі 16 сакавіка 2012 года, а Кавалёва — 15 сакавіка.
"Кіберпартызаны" сцвярджаюць, што паводле даных сістэмы АІС "Пашпарт", Канавалаў памёр 14 сакавіка 2012 года (на два дні раней за афіцыйную версію), а Кавалёў — 15 мая 2012 года, гэта значыць на два месяцы пазней.
Невядома, ці з’яўляецца гэта тэхнічнай памылкай або сведчыць пра іншыя, дагэтуль не раскрытыя абставіны справы.