14-гадовая мінчанка выйграла конкурс BBC на лепшае фота лета

Руская служба BBC апублікавала тэматычную галерэю "Фарбы лета", складзеную з лепшых здымкаў, якія даслалі ў рэдакцыю чытачы. Сярод пераможцаў конкурса — адразу дзве беларускі: Паліна з Магілёўскай вобласці і Даша з Мінска.

Абедзве дзяўчыны даслалі вельмі прыгожыя і атмасферныя здымкі. На фота Паліны дзяўчына ляжыць у полі з рамонкамі. На фота Дашы — слуп лініі электраперадачы пасярод жоўтага рапсавага поля.

Фота Паліны з Магілёўскай вобласці, www.bbc.com

“Яна першы раз даслала фота і адразу стала пераможцай, — радуецца матуля Дашы, журналістка Кацярына Барысевіч. — [Даша] фатаграфуе крыху больш за год, завяла інстаграм, але коцікі і ежа — гэта не яе фармат, таму проста вядзе яго для сябе. Я ёй прапанавала паслаць [фота] на BBC, каб праверыць сябе. Тым больш, што яна цяпер збірае грошы на прафесійную камеру”.

Дашы Радзькоўскай 14 гадоў. Яна закончыла восьмы клас гімназіі. Дзяўчынка хоча пайсці па слядах матулі і стаць журналісткай.

На фота — вёска Шчыткавічы Старадарожскага раёна. Там жыве Дашына прабабуля. “Калі мы ехалі да яе, дык заўважылі рапсавае поле. Гэта было ў траўні. Кінулі рэчы і вярнуліся туды за 4 км, каб зрабіць здымкі”, — распавядае Еўрарадыё Кацярына Барысевіч.

BBC праводзіць конкурс кожны тыдзень. Тэмы кожны раз розныя. Напрыклад, зараз (да 17 жніўня) журналісты чакаюць ад чытачоў фота на тэму "Хата на вёсцы". Да 24 жніўня ў рэдакцыю BBC можна даслаць здымкі на тэму "Салодкае", да 31 жніўня — "Веды", да 7 верасня — "Цёмны бок". Здымкі трэба адпраўляць па электроннай пошце на [email protected]