11 супрацоўнікаў беларускай амбасады пакінулі Украіну

Акцыя каля амбасады Беларусі ў Кіеве / Укринформ

11 супрацоўнікаў амбасады Беларусі пакінулі Украіну. Аб гэтым заявіў амбасадар Ігар Сокал. Падчас праходжання мяжы машына Сокала была адпраўлена на паўнавартасны кантроль.

"Дастаткова сказаць, што мая машына як амбасадара была поўнасцю дагледжана, распакавана, нават унутраныя элементы ашалёўкі здымаліся, асабістыя рэчы былі дагледжаны. Мы заехалі 18 сакавіка ў 13:30 на пункт пропуску. Я выехаў у 20:00, а апошні наш супрацоўнік выехаў сёння ў 9:00", — панаракаў Сокал.

Падчас праходжання мяжы да Сокала звярнуўся прадстаўнік пагранічнай службы Украіны. Па просьбе свайго начальніка — кіраўніка пагранслужбы Украіны Сяргея Дэнейкі — ён паспрабаваў перадаць старшыні Дзяржпагранкамітэта Беларусі Анатолю Лапо 30 срэбранікаў.

"Як вядома, трыццаць срэбранікаў — плата за здраду. За ўдар у спіну Украіне меў магчымасць перадаць іх кіраўніку дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанту Лапо А.П.", — так падпісаў відэа з гэтым момантам Сяргей Данэйка.

"Гэта поўнае бязмежжа пад прыкрыццём законаў ваеннага часу", — пракаментаваў сітуацыю Сокал, назваўшы яе "непрыстойным учынкам".

Гісторык і аналітык Аляксандр Фрыдман лічыць, што ад'езд беларускіх дыпламатаў з Украіны — трывожны сігнал. Нагадаем, што расійскія дыпламаты пакінулі Украіну 23 лютага. На наступны дзень Расея напала на Украіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.