Вы тут

11 гадоў "Плошчы-2010" — аднаму з самых гучных пратэстаў беларусаў пасля выбараў

Пратэстоўцы каля дзвярэй Дома ўрада

Сёння споўнілася 11 гадоў "Плошчы-2010". Гэтая акцыя пратэсту прайшла ў Мінску пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Некалькі дзясяткаў тысяч нязгодных запоўнілі праспект Незалежнасці і дайшлі да Дома ўрада.

Колькасць пратэстоўцаў ацэньваюць ад 15 да 40 тысяч чалавек. Гэта была самая масавая акцыя да жніўня 2020 года. Тады "Плошчу" жорстка разагналі сілавікі. Каля 700 чалавек былі затрыманыя. У тым ліку сем кандыдатаў у прэзідэнты.

Яшчэ да таго, як сталі вядомыя вынікі выбараў, збілі кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы Уладзіміра Някляева. Пазней яго забралі ў СІЗА КДБ прама з лякарні.

Пасля "Плошчы-10" было заведзена больш за 50 спраў аб "масавых беспарадках". Апошнія з палітвязняў выйшлі на свабоду летам 2015 года. З тых часоў да лета 2020 года лічылася, што ў Беларусі няма палітвязняў.

Паводле звестак, якія агучыў ЦВК у 2010 годзе, Аляксандр Лукашэнка набраў на выбарах 79,65% галасоў. За ім апынуўся Андрэй Саннікаў з 2,43%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.