З'явілася фота беларускіх дэсантнікаў, якія ваююць за Украіну
![Беларускія добраахвотнікі / t.me/sahashchik/](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/20_6.jpg.webp?itok=lJyimgzC)
Беларускія добраахвотнікі / t.me/sahashchik/
З'явілася фота беларускіх дэсантнікаў, якія ваююць за Украіну. Яны ўваходзяць у склад 1-й асобнай дэсантна-штурмавой роты. Гэтае падраздзяленне дзейнічае ў дэсантна-штурмавых войсках Украіны. Раней пра яго расказваў Валерый Сахашчык, кіраўнік Дэпартамента нацыянальнай бяспекі, прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях абароны і бяспекі. У цяперашнім паведамленні падкрэсліваецца, што падраздзяленне створана з ініцыятывы Сахашчыка "афіцэрамі Узброеных сіл і спецпадраздзяленняў, патрыётамі свабоднай, дэмакратычнай Беларусі".
Беларуская рота другі месяц "выконвае баявыя задачы на адным з самых цяжкіх участкаў фронту на паўднёвым усходзе Украіны і атрымлівае баявы досвед, неабходны для стварэння новай, высокатэхналагічнай і высокаэфектыўнай беларускай арміі".
Прадстаўнікі роты звярнуліся да вайскоўцаў беларускага войска ў РБ і расіян, якія знаходзяцца ў Беларусі. "Неўзабаве мы прапануем вам пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і вярнуцца ў Расію, і калі гэты момант надыдзе, у вашых інтарэсах будзе зрабіць гэта добраахвотна", — гаворыцца ў звароце да расійскіх вайскоўцаў.
"Мы, ваяры, прынялі прысягу, каб гарантаваць бяспеку нашага народа, абараняць яго ад ворагаў, якія праліваюць кроў беларусаў і пазбаўляюць іх свабоды", — заяўляюць беларускія дэсантнікі.
Выпадкова ці не, паведамленне ад імя 1-й асобнай дэсантна-штурмавой роты з'явілася пасля інтэрв'ю камандзіра палка Каліноўскага Дзяніса Прохарава (Кіт). У ім ён крытычна выказаўся пра гэты праект і пра Сахашчыка.
![З'явілася фота беларускіх дэсантнікаў, якія ваююць за Украіну](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/8_17.jpg.webp?itok=ZKekJlAL)
![З'явілася фота беларускіх дэсантнікаў, якія ваююць за Украіну](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/77_28.jpg.webp?itok=28Xw_oLH)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.