Вы тут

Зяленскі спадзяецца на пачуццё гумару Лукашэнкі

Уладзімір Зяленскі. Кадр з фільма "Слуга народа"

Артыст-комік Уладзімір Зяленскі 25 студзеня перадаў у Цэнтральную выбарчую камісію Украіны пакет дакументаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. 

"Хочам паказаць на маім прыкладзе, што калі ты ідзеш у палітыку, можна застацца нармальным чалавекам. Я буду ствараць краіну-мару, без карупцыі і запрашаць еўрапейскіх інвестараў", — заявіў Зяленскі пры падачы дакументаў.

Радыё "Свабода" пацікавілася ў артыста, як ён будзе выбудоўваць кантакты з Беларуссю і яе кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам. Беларускі кіраўнік не аднойчы бываў мішэнню для жартаў Зяленскага.

Комік упэўнены, што такія жарты не перашкодзяць яму ў дачыненнях з кіраўніком Беларусі. "Высмейваў? Паглядзіце, калі ласка, любое шоу — амерыканскае ці еўрапейскае, бо менавіта ў тым кірунку развіваюцца дэмакратычныя краіны. Паглядзіце — усе смяюцца з палітыкаў, з кіраўнікоў краінаў. Прэзідэнты, у якіх выдатнае пачуццё гумару, яны ўсе разумныя", — кажа прэтэндэнт у прэзідэнты Украіны.

Пачуццё гумару ў Лукашэнкі сапраўды ёсць. Але даволі спецыфічнае. На прэс-канферэнцыі ў 2011 годзе ён папрасіў Грыгорыя Кіселя — тады кіраўніка тэлеканала АНТ — распавесці смешны анекдот пра сябе.

“Абама, Мядзведзеў і Лукашэнка апынуліся ў адной лодцы пасля авіякатастрофы. Усе ж з пантамі, і ніхто не хоча грасці. Абама кажа: “Мы звышдзяржава, мы над усімі”. Мядзведзеў кажа: “Мы Расія, ядзерная дзяржава… Ну давай ты, Лукашэнка”. А Лукашэнка кажа: “Давайце мы прагаласуем. Як будзе, так будзе”.

Прагаласавалі. У выніку наступная карціна: Абама грабе, Мядзведзеў грабе, а Лукашэнка сядзіць. І Абама ціха кажа: “Слухай, Дзіма, нас жа толькі трое ў лодцы. Як за яго прагаласавала чацвёра?”, — распавёў Кісель.

Агулам дакументы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты у ЦВК Украіны перадалі ўжо 38 чалавек. 19 з іх ужо зарэгістраваныя кандыдатамі.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 25.01: