Зяленскі прыехаў у Херсонскую вобласць, дзе працягваюцца работы па ліквідацыі НС

Зяленскі таксама пабываў на пераправе ў Херсоне, праз якую людзі выязджаюць з затопленых тэрыторый / @V_Zelenskiy_official
Зяленскі таксама пабываў на пераправе ў Херсоне, праз якую людзі выязджаюць з затопленых тэрыторый / @V_Zelenskiy_official

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыехаў у Херсонскую вобласць, дзе працягваецца аперацыя па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі. Нагадаем, пасля прарыву плаціны на Кахоўскай ГЭС 5 чэрвеня дзясяткі населеных пунктаў аказаліся пад пагрозай затаплення.  

Зяленскі правёў нараду. На гэтай сустрэчы абмяркоўваліся пытанні эвакуацыі людзей з патэнцыйных зон затаплення, ліквідацыя надзвычайнай сітуацыі, а таксама арганізацыя жыццезабяспечання на затопленых тэрыторыях. Гаварылі і пра тое, калі можна будзе прыступіць да аднаўлення экасістэмы рэгіёна. Асобна закранулі аператыўную ваенную абстаноўку ў зоне катастрофы. Пра гэта Зяленскі расказаў у сацсетках.

Ён таксама пабываў на пераправе ў Херсоне, праз якую людзі выязджаюць з затопленых тэрыторый. Напярэдадні ў традыцыйным звароце ўкраінскі прэзідэнт казаў, што эвакуацыя з затопленых тэрыторый працягваецца. Яна ідзе пад абстрэламі. Паводле яго, толькі на падкантрольнай тэрыторыі затопленыя дзясяткі населеных пунктаў, тысячы дамоў. Да ўчорашняга вечара ўдалося вывезці больш за 2 тысячы чалавек.

Зяленскі таксама нагадаў, што "яшчэ ўвосень мы папярэджвалі свет пра мініраванне Расіяй аб'ектаў Кахоўскай ГЭС" і "заклікалі да адпраўкі міжнароднай назіральнай місіі ў Кахоўку, для размініравання агрэгатаў і ўсіх збудаванняў станцыі". Але місія так і не адбылася. У Кіеве кажуць, што плаціну ўзарвалі расіяне. У Маскве гэта адпрэчваюць, а прычыны катастрофы ў расійскіх крыніцах адрозніваюцца — ад "ўзарвалі ўкраінцы" да "разбурылася сама ад ранейшых пашкоджанняў".

Падзенне ўзроўню вады ў Кахоўскім вадасховішчы можа прывесці да праблем і на Запарожскай АЭС. На вечар серады ўзровень вады ў вадасховішчы знізіўся прыкладна на 2,8 метра, да крыху больш чым 14 метраў. А калі ўзровень вады апусціцца ніжэй за 12,7 метра, то ЗАЭС ужо не зможа перапампоўваць ваду з вадаёма на пляцоўку. Пра гэта напярэдадні папярэдзіў генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі. Калі цяперашняя хуткасць падзення ўзроўню вады захаваецца, то гэты крытычны ўзровень у 12,7 метра можа быць дасягнуты цягам двух дзён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі