ЗША гатовыя разглядаць звароты расійскіх ухілістаў аб палітычным прытулку

Чарга на мяжы Расіі з Казахстанам пасля абвяшчэння мабілізацыі ў РФ / ostorozhno.media

Расейцы, якія не жадаюць ісці на вайну і ўхіляюцца ад частковай мабілізацыі, могуць звяртацца за прытулкам у ЗША, заявілі ў Вашынгтоне.

"Мы лічым, што незалежна ад іх нацыянальнасці, яны могуць падаць заяву аб прадастаўленні прытулку ў ЗША. Кожная заявя будзе разгледжана на індывідуальнай аснове", заявіла прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер. Яна адзначыла, што ўлады ЗША вітаюць "усіх, хто шукае прытулку".

Раней аб гатоўнасці прыняць ухілістаў заявілі ўлады Германіі. Ухіленне ад мабілізацыі з'яўляецца пераканаўчай прычынай для станоўчага разгляду заявы з просьбай аб палітычным прытулку, пісала DW са спасылкай на прэс-сакратара канцлера ФРГ Олафа Шольца. Паведамлялася, што Федэральнаму ведамству па пытаннях міграцыі і бежанцаў (BAMF) ужо дадзены адпаведныя даручэнні. Прэтэндаваць на атрыманне прытулку ў Германіі змогуць і дэзерціры.

Нагадаем, пасля аб'явы ў Расіі частковай мабілізацыі істотна вырас паток расійскіх грамадзян, якія жадаюць пакінуць краіну. Павялічыўся попыт на авіябілеты, на сухапутных межах Расіі з сумежнымі краінамі ўтварыліся вялікія чэргі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.