Вы тут

ЗША датычныя да падрыхтоўкі перавароту ў РБ — у Мінабароны ёсць доказы

Віктар Хрэнін / БЕЛТА​

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што ў яго "ёсць неабвержныя доказы датычнасці амерыканскіх дзяржструктур да падрыхтоўкі перавароту ў Рэспубліцы". Гэтую заяву ён зрабіў у Маскве на канферэнцыі па міжнароднай бяспецы.

Ён нагадаў, што "ў ходзе сумеснай аперацыі беларускіх і расійскіх спецслужбаў была спыненая падрыхтоўка бунту з фізічным знішчэннем кіраўніка беларускай дзяржавы і членаў яго сям'і". Уласна, падчас следства па гэтай справе і былі, па словах Хрэніна "выкрытыя неабвержныя доказы датычнасці да гэтага амерыканскіх дзяржаўных структур". Хрэніна цытуе Спутник Беларусь.

Падчас выступу на канферэнцыі міністр таксама казаў пра тое, што Беларусь стала "плацдармам у барацьбе за багацці Расіі", і прапанаваў перагледзець у саюзных дакументах такія паняцці, як "праціўнік" і "крыніца пагрозы".

Фігурантамі справы аб "мецяжы з фізічнай ліквідацыяй кіраўніка беларускай дзяржавы і членаў яго сям'і" сталі каля 10 чалавек, у тым ліку літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута, адвакат з ЗША Юрый Зянковіч і кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў. У красавіку ім было выстаўленае абвінавачванне ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (ч.1 арт. 357 УК).

На мінулым тыдні стала вядома, што следства па гэтай справе працягнутае на 4 месяцы. Пра гэта паведаміў у лісце родным Кастусёў. Ён таксама напісаў, што не прызнае сваёй віны і не даваў ніякіх "інтэрв'ю БТ". Раней у эфіры дзяржканала было паказанае відэа з удзелам палітыка. У кароткім фрагменце прагучала адзіная фраза: "Прызнаю сваю віну".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.