Аляксандр Фядута піша біяграфію кіраўніка таемных таварыстваў Тамаша Зана

Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута / Еўрарадыё

Літаратуразнаўца Аляксандр Фядута піша біяграфію Тамаша Зана. Пра гэта даследчык расказаў падчас свайго выступу ў Беларускім моладзевым хабе 15 красавіка.

Лекцыя Фядуты "Імперыя супраць моладзі. Гісторыя віленскіх філаматаў" сабрала некалькі дзясяткаў слухачоў. Выступоўца жвава і з захапленнем расказаў пра моладзевыя таварыствы "Прамяністых", філаматаў і філарэтаў у Вільні пачатку ХІХ стагоддзя. Параўноўваючы дзейнасць філаматаў з цяперашнім часам, лектар адзначыў, што яны прапагандавалі здаровы лад жыцця (пілі на сходах малако замест віна) і актыўна займаліся навукай (рыхтавалі і чыталі рэфераты).

Таксама Фядута расказаў, як па-рознаму склаліся лёсы маладых філаматаў. Ян Віткевіч стаў расійскім разведчыкам у Афганістане і знайшоў загакавую смерць. Адам Міцкевіч быў вымушаны назаўжды пакінуць радзіму, але да канца жыцця падпісваўся як літвін. "Архіпрамяністы" Тамаш Зан у высылцы стварыў у Арэнбургу краязнаўчы музей і бібліятэку. А вярнуўшыся на радзіму, легендарны кіраўнік і заснавальнік таемных моладзевых таварыстваў не знайшоў сабе месца, і ў яго пачалася душэўная хвароба.

Фядута сказаў, што над біяграфіяй Зана ён пачаў працаваць яшчэ да свайго арышту і цяпер працягвае гэтую працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.