Вы тут

ЗША абмяркоўваюць з ЕС адрасныя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

ЗША абмяркоўваюць з ЕС магчымыя санкцыі супраць чыноўнікаў Беларусі / БЕЛТА

Злучаныя Штаты абмяркоўваюць з Еўрасаюзам магчымае ўвядзенне адрасных санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Джордж Кент.

"Што датычыць патэнцыйных санкцый, ЗША працягнуць перамовы з нашымі саюзнікамі і партнёрамі ў Еўропе, каб узгадніць, верагодна, адрасныя санкцыі супраць тых, хто быў датычны як да жорсткасці і гвалту супраць мірных грамадзян і пратэстоўцаў, так і да відавочнай фальсіфікацыі ў дзень выбараў", — цытуе ТАСС словы амерыканскага дыпламата. 

Пры гэтым Кент падкрэсліў, што дзейнасць Штатаў будзе грунтавацца на павазе да суверэнітэту Беларусі.

Ён распавёў, што беларуская сітуацыя абмяркоўвалася на нядаўняй сустрэчы намесніка дзяржсакратара ЗША Стывена Бігэна з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым. Амерыканскі бок настойвае на тым, што беларуская сітуацыя не павінна разглядацца як геапалітычная канкурэнцыя паміж Усходам і Захадам. "Сітуацыя ў Беларусі — гэта пытанне Беларусі і пра беларускі народ", — падкрэсліў Кент.

Пры гэтым ён прызнаў, што сацыялагічныя пытанні паказваюць, што пераважная большасць грамадзян Беларусі хочуць мець блізкія і пазітыўныя адносіны з Расіяй. ЗША, па словах дыпламата, "не навязваюць якое-небудзь рашэнне або шлях" беларускаму народу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.