Вы тут

Золатавалютныя рэзервы Беларусі зноў скарачаюцца

Нацыянальны банк Беларусі / з архіву БЕЛТА​

За лістапад золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на 1,5% , або на 109,2 мільёна долараў ЗША, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка краіны. Пры гэтым там нагадваюць, што ў кастрычніку назіраўся рост — ЗВР прыраслі на 2,2%, або на 164,2 мільёна долараў.

У абсалютных лічбах міжнародныя рэзервовыя актывы краіны на 1 снежня 2020 года склалі 7 мільярдаў 376,3 мільёна долараў ЗША і небяспечна наблізіліся да мінімуму, закладзенага ў асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на гэты год. Згодна з гэтым дакументам, па выніках года аб'ём ЗВР павінен скласці не менш за 7,3 мільярда долараў.

А год таму, нагадаем, Нацбанк рапартаваў пра рэкордна высокі ўзровень ЗВР. На 1 студзеня рэзервовыя актывы краіны складалі 9 мільярдаў 393,5 мільёна долараў — пры планавым паказчыку не менш за 7,1 мільярда.  

Адно з самых вялікіх падзенняў ЗВР здарылася ў жніўні. За гэты месяц золатавалютныя рэзервы краіны знізіліся на 1 мільярд 399,6 мільёна долараў, або амаль на 16%.  Пры гэтым на выкананне знешніх і ўнутраных абавязанняў у замежнай валюце пайшло ўсяго каля 352 мільёнаў долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.