Зміцер Дашкевіч і невядомы графіціст сталі чэмпіёнамі грамадзянскай супольнасці

Зміцер Дашкевіч і невядомы графіціст сталі чэмпіёнамі грамадзянскай супольнасці

23 снежня ў Мінску прайшла восьмая цырымонія ўручэння прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці”. Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў адзначыла найбольш яскравыя падзеі ў грамадскім сектары за гэты год.

У намінацыі “Грамадскі лідар года” перамог сустаршыня “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, які ініцыяваў збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай каштоўнасці, знішчыў “3,5 кв.м урадлівага слою глебы” на беларуска-расійскай мяжы, пратэставаў супраць адкрыцця графіці “Масква-Мінск” і ўсталявання помніка Леніну.

Прэмію ў намінацыі “Новая ініцыятыва” атрымала ўстанова “Human Constanta”, якая запомніліся грамадству дзеяннямі ў абарону правоў уцекачоў і мігрантаў у Брэсце.

Журы прэміі, у якое сёлета ўвайшло 116 чалавек, у намінацыі “Крэатыў года” адзначыла невядомага мастака, які дамаляваў калючы дрот на прапагандысцкім графіці “Мінск-Масква”.

Рэгіянальнай падзеяй назвалі кампанію ў абарону гісторыка-культурнага раёна Мінска “Асмалоўка”. Тутэйшыя жыхары ўжо некалькі гадоў змагаюцца за захаванне гэтага кутка сталіцы.

У намінацыі “Партнёрства года” журы адзначыла платформу Talaka.by. На гэтай некамерцыйнай пляцоўцы актыўныя людзі знаходзяць каманду, памочнікаў і фінансы для рэалізацыі сваіх ідэяў. Найбольшай падтрымкай на плятформе карыстаюцца ідэі ў сферы развіцця беларускай мовы і культуры. Статуэтку і дыплом на цырымоніі атрымалі крэатыўны дырэктар Talaka.by Іван Вядзенін і Юлія Бабруйская.

“Медыяактыўнасцю года” быў названы анлайн-часопіс “Имена”, які дае магчымасць не толькі даведацца пра гісторыі, лёсы і ўчынкі беларусаў, а таксама ствараць і падтрымліваць важныя для грамадства праекты.

Антыпрэміяй “Гарбуз года” адзначылі супрацоўнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, якія сёлета жорстка затрымалі ўдзельнікаў негвалтоўнай акцыі раварыстаў “Крытычная маса”.

За найбольш грунтоўнае і рознабаковае асвятленне актуальных для няўрадавага сектара тэмаў у намінацыі “Медыя журналіст года” прыз атрымала Галіна Абакунчык з Радыё Свабода — аўтарка 98 матэрыялаў пра грамадзянскую супольнасць, яе ініцыятывы і пераслед у 2016 годзе.

Кампаніяй года была прызнаная кампанія па зборы подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, #нашсцяг, паведамляе сайт belngo.info

Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” ўручаецца з 2009 года. Пераможцаў абірае журы, у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы Асамблеі, грамадскія лідары і эксперты, пераможцы прэміі мінулых гадоў, журналісты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі