"Жывы Гук Оn-Line" аднаўляе сваю дзейнасць на новым месцы

"Жывы Гук Оn-Line" будзе праходзіць 2 разы на месяц. А яго месцам дыслакацыі стане клуб "Юла". Праўда, часам міні-фестываль будзе выязджаць у рэгіёны.


"Генеральны план у нас не змяніўся — гэта выкарыстанне мясцовых рэсурсаў і ў асноўным маладых гуртоў, — распавядае Еўрарадыё ідэйны натхняльнік імпрэзы Піт Паўлаў. — Напрыклад, "Мутнаевока" — гэта цалкам наш кадр. Іх першы канцэрт адбыўся на першым фестывалі "ЖывыГук Оn-Line". Першымі, хто іх заўважыў, былі мы. Мы ім далі ім сцэну і магчымасць некалькі разоў выступіць. З гэтага часу яны ператварыліся ў сапраўдную зорку і цяпер яны выступяць у нас у якасці хэдлайнераў і заробяць нейкія грошы".


Піт падкрэслівае, што па сутнасці "Жывы Гук Оn-Line" — гэта не проста міні-фестываль, а клуб, дзе заўсёды прыязная атмасфера:


"Стаўку мы робім на студэнтаў, якія прыехалі ў Мінск не так даўно, і пакуль не змаглі сябе тут знайсці. Гэта самы натуральны шлях зрабіцца месцічамі. То бок, наша ініцыятыва створаная яшчэ і для таго, каб інтэграваць іх у гэтае жыццё".


Нагадаем, першы фестываль "Жывы Гук Оn-Line" паспяхова прайшоў летам 2009 года ў дворыку Дома афіцэраў. Пасля заявы жыхароў прылеглых дамоў, фестывалю давялося вандраваць па розных мінскіх пляцоўках. Яго ўдзельнікамі станавіліся гурты IQ48, Open Space, "Гарадзкія", Myslovitz.


Канцэрт "Жывы Гук Оn-Line" у новым сезоне пройдзе 6 кастрычніка. Яго хэдлайнерам стане гурт "Мутнаевока".

Фота: www.osband.com
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі