Піт Паўлаў: Наша звышмэта — вярнуць былую папулярнасць на радзіме

 

“…ніколі не будзе да канца гэты “лёд прабіты”


Еўрарадыё: Падчас пачынання гуртом N.R.M. новага творчага этапу вы турбаваліся тым, што Мінск насцярожана ставіцца да некалькі рэфармаванага гурта. Ці “прабілі рэкі той самы лёд”, ці мінуў гэты этап недаверу ў мінчукоў?

Піт Паўлаў: Думаю, што яшчэ не. Што ніколі не будзе да канца гэты “лёд прабіты”, што застанецца пэўнае кола людзей, якія проста выраслі з N.R.M., і, хутчэй за ўсё, у іх сэрцы застанецца N.R.M. у тым выглядзе, да якога яны прызвычаеныя. Але за гэтыя два гады даволі актыўнай нашай дзейнасці ўжо з’явілася кола людзей, якія ў прынцыпе не разбіраюцца ў гэтых тонкасцях, якія проста сочаць за тым, што адбываецца зараз. І вось я думаю, што колькасць гэтых людзей прыкладна будзе роўная колькасці тых людзей. Некаторыя нашы праявы актыўнасці — маю на ўвазе з’яўленне кліпа “Аўтарадыё” ў падтрымку Аўтарадыё, потым даволі маштабнае з’яўленне і прэзентацыя кліпу “Прамень” і канцэрт-акцыя “Прамень Сонца”, які адбыўся напрыканцы вясны, калі да нас прыехалі госці з Польшчы, калі мы пераапранулі наведвальнікаў канцэрту ў золата. І вось у гэтых залатых скафандрах галоўным праспектам горада ўсе рушылі сустракаць усход Сонца. Гэта было настолькі яркае відовішча! Яно застанецца назаўсёды і ў маёй памяці і ў памяці тых, хто туды прыйшоў. Такога яшчэ не было, і, думаю, больш і не будзе, таму што гэта даволі складана зрабіць — арганізаваць канцэрт, пашыць 500 скафандраў…


Ну, а зараз ідзе падрыхтоўка да прэзентацыі новага альбома… Таму цяпер цяжка казаць пра мінскую публіку, таму што мы вельмі шмат паказваем нашу творчасць менавіта ў правінцыі, і ў такіх абрэзаных, дзіўных варыянтах. То бок, акустычным трыа, акустычным нават дуэтам. Мы нават гэта не называем N.R.M., але, нягледзячы на гэта, мясцовыя арганізатары заўсёды пішуць у сваіх анонсах, што да іх едзе N.R.M. І потым адпісваюцца, што ў іх быў N.R.M. нягледзячы на тое, што мы песень N.R.M. прынцыпова не пяем на гэтых творчых сустрэчах. Ну, напрыканцы можа дзве-тры. І знаёмім людзей, у асноўным, з іншымі нашымі актыўнасцямі за гэты час.


“… у так званым чорным спісе менавіта N.R.M. няма”


Еўрарадыё: З чым звязаны ваш у нейкім сэнсе абыход Мінску? Вы актыўна гастралюеце па Беларусі, атакуеце Польшчу, але не песціце Мінск…. Гэта водгукі забаронаў?

Піт Паўлаў: Мы паводзім сябе так, быццам бы забаронаў ніякіх няма. Гэта пазіцыя дазваляе не сыграць адзін канцэрт, каб яго адмянілі, а потым да канца жыцця крычаць, што “мы ў чорным спісе, падтрымайце нас, нам кепска!” А ўсё ж такі ў мінулым годзе было зайграна N.R.M. 20 канцэртаў — з іх, прыкладна, 10-12 буйных і 10 было зайграна гуртом Pete-Paff. У гэтым годзе ўжо прыкладна 15 канцэртаў сыграна, пры тым, што галоўная нагода, галоўная інфармацыйная нагода — выхад альбома — яшчэ не задзейнічаны. То бок, пакуль мы граем проста, што атрымаецца. Наша актыўнасць і колькасць канцэртаў пераўзыходзіць колькасць канцэртаў N.R.M. у папярэднія, самыя нават паспяховыя, гады. Вось таму мы прытрымліваемся палітыкі, што мы не забароненыя. Ёсць, вядома, у нас пэўныя цяжкасці з канцэртамі — пры такой канцэртнай актыўнасці даволі шмат адменаў і забаронаў. Але яшчэ раз падкрэслю, што калі б мы пасля першай жа забароны перасталі займацца канцэртнай дзейнасцю — гэта было б усё. А так, калі канцэртаў так шмат, ёсць і страты, і часам даволі балючыя — напрыклад, немагчымасць канцэрту ў Гомелі. Усе астатнія абласныя цэнтры ўжо былі неаднаразова намі наведаныя. Яшчэ мы даведаліся, што ў так званым чорным спісе менавіта N.R.M. няма — гэта нам даносяць нашыя агенты. А на пытанне, чаму N.R.M. не можа граць на вялікіх пляцоўках, чыноўнікі разводзяць рукамі: “Ну, вы ж разумееце...” І вось зараз плануецца некалькі нашых канцэртаў, ізноў жа ў правінцыі, ізноў жа па новых нашых тэхналогіях.



“... мы пачалі ездзіць па касцёлах”


Еўрарадыё: І што гэта за тэхналогіі?

Піт Паўлаў: Гэта сувязь з духавенствам. Так адбылося, што мы пачалі ездзіць па касцёлах. У мінулым годзе мы часта гралі ў касцёлах з Pete-Paff. Зараз ксяндзы з гэтых касцёлаў — а гэта звычайна маладыя беларускамоўныя ксяндзы — захацелі ўбачыць там жа і N.R.M. Ну, N.R.M. паказаць больш складана. А акустычна паказваць мы самі не хочам. Усё ж такі першае ўражанне мусіць быць адпаведнае. А акустычны N.R.M. — гэта ўжо варыяцыя на тэму, гэта для знаўцаў, такі смачак. Паказваць рок-гурт не ў рокавым варыянце, а ў нейкім “анплагдавым”, на мой погляд, гэта не правільна. І таму, канешне, гэта звязана з цяжкасцямі ў першую чаргу тэхнічнымі. Каб паказаць электрычны N.R.M., трэба выставіць нармальную апаратуру, сцэну, пажадана святло, пажадана, каб гэта было гучна. Ну, і канешне, трэба знайсці грошы на ганарар гурту. Мы, канешне, зменшылі наш ганарар да незразумелага нікому мінімуму. Але гэта не сведчыць пра тое, што ён зменшаны. Гэта мы разглядаем як дабрачыннасць у адносінах да касцёлу і людзей, якія не ў стане заплаціць за квіткі. І тут нам дапамагаюць некаторыя арганізацыі: “Будзьма”, “Рок-салідарнасць” і прыватныя асобы

“Калі ў стык паставіць наш альбом з музыкай любой сучаснай англійскай каманды, не ўзнікае ўражання, што гэта запісана ў нейкім іншым месцы”


Еўрарадыё: N.R.M. рыхтуе да выхаду новы альбом…

Піт Паўлаў: Я прынёс нават яго з сабой. Але вас папрашу не апісваць, што гэта, а проста выказаць свае ўражанні.


Еўрарадыё: Ого! Незвычайная рэч! Ужо толькі за адзін выгляд варта гэта паслухаць, падарыць камусьці. Цікава!

Піт Паўлаў: Гэта менавіта падарункавы варыянт. Альбом будзе, як усе сучасныя рэлізы, выдадзены ў некалькіх варыянтах, у прыватнасці, на вініле і CD. Калі атрымаецца, мы размесцім наш альбом для спампоўвання на сайце amazon.com і паспрабуем, каб ён быў максімальна танным. Для нас істотна не тое, каб шмат зарабіць, а прынцыпова не раздаваць свае песні. Я, прынамсі, супраць таго, каб павыкідаць песні ў інтэрнет: хто не хоча, можа не слухаць — калі ласка, мы перажывем. Я падкрэслю: нам зараз даволі складана выжываць, мы не можам даваць маштабныя канцэрты, таму продаж дыскаў — гэта таксама даволі істотная рэч, каб проста вярнуць грошы, якія былі выдаткаваныя на студыю, міксаванне, звядзенне, паліграфію, дызайн і г.д. Усё гэта даволі сур’ёзныя выдаткі. Акрамя таго, мы збіраемся яшчэ як мінімум адзін кліп зняць — і ўсё гэта патрабуе даволі значных сродкаў. І, набываючы нашы альбомы асабліва ў інтэрнэце, вы можаце быць упэўненымі, што вашы цэнты дакладна трапяць да N.R.M. і дакладна будуць выдаткаваныя на тое, каб гэты працэс не перарываўся, каб ён доўжыўся бясконца.


Еўрарадыё: Гледзячы на тое, што вы зараз прынеслі, вы так канкрэтна замарочыліся з вонкавым бокам дыска. Ці так жа замарочыліся вы ў плане зместу альбома? Ці будзе гэта нейкі новы, канцэптуальны N.R.M.? Ці будуць прысутнічаць у ім водгукі таго, усімі любімага N.R.M.?

Піт Паўлаў: Ну, мы паспрабавалі рабіць тое, да чаго мы прызвычаіліся, то бок, для нас гэта той жа самы N.R.M. Але дакладна, што альбом будзе даволі сур’ёзна адрознівацца па гучанні ад таго N.R.M. Гучанне N.R.M. будзе больш падобнае да таго, як мы гучым на канцэртах, і больш падобнае да таго, як запісваюцца сучасныя англійскія гурты. Не буду казаць, што яно будзе такое ж “чоткае” ці такое ж кепскае. Адзінае што — пры параўнанні не ўзнікае, як раней, уражання, што яно іншае. Калі ў стык паставіць наш альбом з музыкай любой сучаснай англійскай каманды, не ўзнікае ўражання, што гэта запісана ў нейкім іншым месцы, у іншых умовах, іншымі людзьмі. Да апошняга моманту яно не адрозніваецца — яно такое ж самае. Адрозненне пачынаецца тады, калі ўжо чуеш беларускую мову. Мне падавалася, што N.R.M. можна адрозніць па мелодыях і па саўндзе гітараў. Я спадзяюся, што ўсё ж такі граем мы крышачку адметна, і нашы аранжыроўкі крышачку адметныя. І вось у гэты альбоме наша гранне больш набліжана да таго, як мы граем насамрэч. Таму што першы раз за гісторыю апошніх альбомаў мы не раўнялі барабанныя трэкі, не рабілі рэсэмплінгаў. То бок, усё гучыць менавіта так, як было сыграна — не рабілася нейкіх заменаў і “паляпшайзераў”, якія заўсёды прысутнічалі на апошніх альбомах гурта.


Еўрарадыё: Які пасыл нясе альбом беларусам і небеларусам?

Піт Паўлаў: Тут мне цяжка сказаць, які пасыл. Ён выходзіць на пераломе для нас ўзроставым — мы ўсе перажываем сярэдні ўзрост. Ён выходзіць у момант сусветнага крызісу. Наколькі я разумею, свет з крызісу цяпер пераходзіць у стагнацыю. То бок, стабільны крызіс — гэта і ёсць стагнацыя, і ніякага выйсця з крызісу нябачна. Хутчэй за ўсё, людзі прызвычайваюцца жыць у крызісе, і пачынаюць ужо нават у гэтым крызісе знаходзіць падставы казаць пра нейкі прагрэс. І вось у гэтым стане выходзіць рок-альбом, які апісвае ўражанні чалавека, беларуса, мінчука ад гэтага становішча свету. Такі ментальны зрэз становішча кожнага з нас.


Еўрарадыё: Колькі песень увойдзе ў пласцінку? Калі вы яе прэзентуеце?

Піт Паўлаў: Зараз цалкам гатова восем песень. У працы яшчэ чатыры. Як сведчыць практыка N.R.M., у фінальнай версіі могуць з’явіцца яшчэ адна-дзве песні. Але, як сведчыць тая ж практыка, калі зараз не сказаць сабе “стоп”, то ўсё можа расцягнуцца яшчэ на гады. Таму мы пакуль што сказалі сабе “стоп” і працуем з гэтымі васьмю трэкамі. Прэзентаваць будзем у любы зручны тэрмін увосень, калі ўсё-ўсё будзе зроблена і будуць гарантавана на руках асобнікі дыска, тады мы самі сабе скажам, што мы гатовыя, і зробім лагістычны тур, каб прэзентацыя не стала нейкім таямнічым ці афіцыйным канцэртам у Мінску, а менавіта турам у падтрымку альбома. Мы паспрабуем з’ездзіць хаця б у Маскву і Санкт-Пецярбург, хаця б у Варшаву і Беласток, і па Беларусі па магчымасці.


Еўрарадыё: Хто прадзюсуе ваш альбом?

Піт Паўлаў: Звычайна мы прадзюсавалі самі свае альбомы, і тыя, хто іх запісваў. Першыя тры альбомы — Слава Корань, астатнія — Генадзь Сыракваш. Гэты альбом прадзюсуем мы самі — больш за ўсё я — Піт Паўлаў, але мы запрасілі чалавека, якія кантралюе нашыя намаганні — гэта Глеб Галушка. Гэта вельмі істотнае імя, гэта чалавек, які вельмі паўплываў на запіс альбома і нават на матэрыял. І некаторыя песні, у тым ліку “Хрусць і папалам” — напісаныя ў суаўтарстве менавіта з ім.


Еўрарадыё: У падтрымку альбома вы выдалі кліп “Прамень”, аўтарам ідэі якога стаў знакаміты польскі мастак і аўтар перформансаў Павел Альтхамер. Ці чакаецца працяг вашай працы?

Піт Паўлаў: Так, першым этапам нашай працы стаў кліп на песню “Прамень” і акцыя, пра якую мы размаўлялі вышэй, у Мінску і падобная акцыя ў Любліне. Дзякуючы песні “Прамень” з’явіўся праект “Прамень Сонца”, які таксама мусіць быць паказаны ў Берліне.   


“Я ўдзячны зараз лёсу і Лявону…”


Еўрарадыё: Як вам падаецца, што б зараз перажываў N.R.M., калі б не адбылося гісторыі з Лявонам?

Піт Паўлаў: Гісторыя з Лявонам адбылася таму, што больш ніякага N.R.M. не было. То бок, былі штучныя — раз на год, раз на два гады канцэрцікі пад прымусам, пад вялікім фінансаваннем пісаліся нейкія песні… Я думаю, ён бы існаваў у такім выглядзе, у якім існаваў апошнія два гады.


Еўрарадыё: А вы не шкадуеце, што ўсё адбылося менавіта так?

Піт Паўлаў: Я зараз не шкадую. Я ўдзячны зараз лёсу і Лявону за тое, што ўсё адбылося менавіта так. Адзінае, чаго я не магу дараваць, — што гэта ўсё не было прамоўлена словамі, што не было ніякай размовы. А што яно адбылося так — моўчкі, два гады італьянская забастоўка — непадыманне слухаўкі, ігнараванне рэпетыцый, таямнічае адмаўленне ад камерцыйных канцэртаў, ад якіх мы ўсе залежалі, — вось гэтага я не магу дараваць! Але ўсё гэта перакрывае магчымасць зараз нам утрох, нарэшце, напісаць класныя новыя песні, ізноў канцэртаваць — гэта як бы другая маладосць, якая ў гуртоў даволі рэдка адбываецца. То бок, звычайна старыя гурты проста плывуць на старой хвалі — на тым узроўні, на якім і плылі, альбо робяць рэбрэндзінгі, піярныя рухі, штучныя скандалы, але прынцыпова нічога не мяняецца, таму што ўсё застаецца так, як было, па накатаным. У нас адбылося ўсё па-іншаму, у нас адбылося сапраўды перараджэнне, усё ад пачатку, усё наноў.


Еўрарадыё: Але некаму можа падацца, што гэтыя скафандры і маскі, што можна бачыць на здымках у Facebook — такі маскарад перад пенсіяй…

Піт Паўлаў: Ну, я не буду прыхоўваць, што нам ужо не па дваццаць гадоў, але да пенсіі, нават да пенсійнага ўзросту, нам яшчэ вельмі далёка. Нават да ўзросту The Rolling Stones, нават да ўзросту Red Hot Chili Peppers нам яшчэ вельмі далёка. Таго, каму так падаецца, я запрашаю на спаборніцтвы па любым відзе спорту — на рынг, на дыван, на бегавую дарожку, за тэнісны стол, у басейн… Нават не пабаюся запрасіць на рынг любых двух! 


“Атрымалася, як ва ўсіх — на мой погляд, вельмі модна”


Еўрарадыё: Ці можна назваць музыку цяперашняга N.R.M. моднай?

Піт Паўлаў: Я ўжо даволі даўно спрабую не быць модным. Мне здаецца, я быў моднікам занадта доўга. І тое, што ў свае 30, 31, 32 я намагаўся быць модным, лічу сур’ёзнай памылкай. Усё ж такі модныя тэндэнцыі ствараюцца і вынікаюць для тых, хто ўзалежнены ад іх, у каго няма сваіх уласных трэндаў і брэндаў. Я быў вельмі ўзалежнены ад гэтага, і, на мой погляд, крышачку перацягнуў з пераходам у той узрост, калі ты сам — стваральнік трэндаў і калі ты сам адказны за стварэнне новай моды. Зараз я спрабую быць досыць кансерватыўным, таму гучанне нашага альбома вельмі моднае, што значыць, што яно падобнае на старое (смяецца). Зараз вельмі модна гучаць, як Led Zeppelin. Мы не ставілі мэтай гучаць, як яны, мы наогул не ставілі мэтай гучаць, як нехта. Мы спрабавалі запісаць так, каб гучала, як N.R.M. на канцэртах. Як на канцэртах не атрымалася. Атрымалася, як ва ўсіх — на мой погляд, вельмі модна. Калі маладыя музыкі слухаюць, яны з зайздрасцю задаюць пытанні: “А як запісаныя барабаны”? Адразу кажу: усё было запісана вельмі проста. Бубны былі запісаныя ў дарагой студыі, дарагімі мікрафонамі, з дарагімі кампрэсарамі. Усё астатняе пісалася па-рознаму, але таксама пры выкарыстанні высакаякаснага абсталявання, і ўсё.


“Наша звышмэта — вярнуць былую папулярнасць на радзіме”


Еўрарадыё: Добра. Такім чынам, новы альбом, гастролі… А што далей? Ці ёсць нейкая грандыёзная мэта ў легендарнага гурта? Не ўсё ж па Салігорсках ездзіць?

Піт Паўлаў: Ну, я стаўлю мэтай усё ж ездзіць па Салігорсках. Вось шчыра скажу. Таму што ў нашай краіне ніхто, падкрэсліваю, ніхто, акрамя Сашы Саладухі, не здольны ездзіць па Салігорсках. Я лічу, што ездзіць па Салігорсках, Баранавічах, Барысавах, Маладзечнах — гэта крута! Быць героем у сваёй краіне — гэта крута! Таму што стаць героем за межамі — гэта крутая мэта, але не вельмі дасягальная. Пакуль што бліжэй да яе дацягнуўся гурт “Тату”. Мне прыклад “Тату” не падыходзіць, яго я на сябе прымерыць не магу. А ў рок-гуртоў з нашых шыротаў, нават у тых, хто мне вельмі падабаецца — ВВ, Земфіра, “Мумій Троль” — пакуль што ні ў каго не атрымалася. У мяне няма столькі пыхі і ганарлівасці меркаваць, што ў нас атрымаецца. Канешне, хацелася б атрымаць “Грэмі”, але яны там па блаце даюць сваім. Мы будзем цягнуца за “Грэмі”, але будзем намагацца збіраць поўныя залы ў Салігорсках, Маладзечнах, Баранавічах, Іўі, а ў Мінску, канешне, калі не Палац спорту, то “Арэну”. Вось гэта для мяне звышмэта — раз на год збіраць поўную “Арэну” і вазіць па Беларусі перанасны фестываль. У Еўропу выязджаць аказіянальна — калі гэта будзе патрэбна. Наша звышмэта — вярнуць былую папулярнасць на радзіме і пашырыць кола прыхільнікаў у бліжэйшых суседзяў: між іншым, з’явіцца ў Расіі, дзе мы ніколі не былі.

Фота "Будзьмы", www.generation.by а таксама з Фэйсбуку музыкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі