N.R.M. хоць і “не торт”, але выпускае альбом коштам у паўмільёна

“У гэтым свеце альбомы існуюць толькі ў інтэрнэце ў mp3, ну гэта свет такі” – тлумачыць Піт Паўлаў сваю катэгарычную заяву, што альбом у N.R.M. “Д.П.Б.Ч.” выйшаў не тады, калі трэкі з’явіліся ў інтэрнэце і іх усе паслухалі, і нават не тады, калі выйшаў CD, а калі надрукавалі партыю дарагіх вінілаў.

Новы лідар N.R.M. сапраўды ўпэўнены, што попыт на вінілы ў нашай краіне будзе.

“Я ўпэўнены, што ўсе маюць грамафоны, проста яны ўжо не дома, а валяюцца ў падвалах ці на гарышчах ў бацькоў запыленыя. Але ніхто ж іх не выкідаў, беларусы не прызвычаіліся выкідаць рэчы. Таму патрэбна іх дастаць, змахнуць пыл і слухаць. Патраціцца трэба толькі на пласцінку, а яна, праўда, дарагая дзіка”.

Дзіка дарагая – не тое слова. Паўмільёна рублёў ці 50 долараў за адну кружэлку.

“Зніжаць сабекошт можна толькі адным чынам – каб усе пачалі выдаваць ізноў вінілы, каб ізноў вярнулася вытворчасць, – фантазіруе Піт Паўлаў. – Раней пласцінкі каштавалі не так дорага. Цяпер такая дарагавізна звязаная з тым, што гэта звышэксклюзіў”.

І гэта, заўважым, цалкам сур’ёзна, альбом наўмысна рыхтавалі па традыцыях вінілу “4 трэкі на адным баку, 4 на другім”. N.R.M. ганарыцца, што з вінілам удалося апярэдзіць “Ляпіс Трубецкой”.

“Мне падказалі вашы калегі журналюгі, што мы на палову корпуса абышлі “Ляпісаў” з першым беларускамоўным вінілам у ХХІ стагоддзі, – хваліцца Піт Паўлаў. – “Ляпіс” быццам бы таксама рыхтуе, але яны не паспелі. У іх не хапіла ці то грошай, ці то адміністратыўнага рэсурсу. А ў нас хапіла!”

Вядома, што вінілы цяпер моцна падтрымліваюцца дыджэямі, бо электронная музыка шмат дзе выдаецца менавіта на вінілах, і з іх граюць у клубах. Піт Паўлаў меціць са сваім альбомам і туды:

“Я лічу, што некаторыя трэкі досыць танцавальныя, і калі ў клубе з’явіцца нечакана адна з песень N.R.M – напрыклад, “На далоні”, яна больш-менш такая кіслотная, – яна ўпрыгожыць любы дыджэйскі сэт”.

Сёння вы яшчэ можаце паспець на жывы электронны, дакладней электрычны сэт N.R.M. у “Юле”, але паслухайце як яно было на акустычнай прэзентацыі 2 тыдні таму і моцна падумайце, жадаеце вы канцэрту і вінілу, ці сказаць “Д.П.Б.Ч” – то бок, да пабачэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі