Вы тут

Жыхара Кобрына прысудзілі да "хатняй хіміі" за надпісы ў падтрымку Украіны

Мужчыну, які нанёс надпісы ў падтрымку Украіны, вылічылі па камерах назірання / Ілюстрацыйнае фота з сацсетак

Жыхара Кобрына Уладзіміра Кавалёва асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за надпісы ў падтрымку Украіны, паведамляюць праваабаронцы.

Суд пачаўся 27 чэрвеня, а ўчора суддзя Таццяна Каберская агучыла прысуд. Яна прызнала Кавалёва вінаватым у апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК РБ) і прызначыла яму 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Перадгісторыя справы такая. У пачатку сакавіка на фасадах дамоў у Кобрыне з'явіліся надпісы: "Слава Украіне" і "Смерць рашысцкім акупантам". Іх зафарбавалі. Але неўзабаве на будынках з'явіліся новыя надпісы: "Лукашысты-фашысты" і "Слава Украіне".  Кавалёва вылічылі па камерах відэаназірання. Яго затрымалі, у яго дома прайшоў ператрус.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.