Вы тут

Жыхара Іванава затрымалі за шыльду з адрасам па схеме б-ч-б

Фота чытача tut.by

26 сакавіка да жыхара Іванава Андрэя Дражына завіталі міліцыянты. Прычынай візіту яны назвалі наяўнасць на фасадзе дома шыльды з адрасам, пафарбаванай у бел-чырвона-белыя колеры, піша tut.by.

Пра інцыдэнт паведаміў сын гаспадара дома — Мікіта Дражын. Ён распавёў, што міліцыянты прыйшлі з панятымі, якіх гаспадар дома адправіў за вароты, паклікаўшы замест іх суседзяў. Супрацоўнікі міліцыі агледзелі дом і гаспадарчыя пабудовы з мэтай выяўлення незарэгістраванай сімволікі. Пасля чаго склалі пратакол, знялі шыльды і затрымалі гаспадара дома.

Андрэй Дражын дагэтуль знаходзіцца ў ІЧУ Іванаўскага РАУСа. Чакаецца, што ў панядзелак 29 сакавіка адбудзецца суд, у выніку якога Дражыну могуць прызначыць штраф альбо суткі.

Па словах сына Дражына, падставай для візіту міліцыянтаў стала ананімная скарга. Мікіта кажа, што шыльда вісела на доме з 2015 года і чамусьці да апошняга часу гэты факт не лічыўся пікетаваннем.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.