Жыхар Вільні: Перадумаў купляць кватэру з-за пагрозы вайны з Расіяй

Жыхары Прыбалтыйскіх краін паддаюцца ваеннаму псіхозу не толькі падчас дыскусій у сацыяльных сетках. СМІ перапоўненыя матэрыяламі на тэму геапалітычнага супрацьстаяння. Ваенная рыторыка сустракаецца нават у бытавых тэмах. Так, напрыклад, партал DELFI піша пра жыхарку Вільні, маці траіх дзяцей, Ніёле. Яна ўжо вырашыла, што з’едзе з горада, калі раптам там стане неспакойна ў сядзібу з падвалам у пушчы.

Жыхар Вільні Артур распавядае Еўрардыё, што мясцовыя СМІ вельмі накаляюць атмасферу ў краіне. Ён баіцца за сваю сям’ю і дзяцей. З-за гэтага нават перадумаў пакупаць кватэру ў горадзе, бо дапускае, што з краіны давядзецца з’язджаць.

“Рабіць некія пэўныя дзеянні, такія як купляць дом, кватэру — тыя якія мяняюць жыццё кардынальна, тут немагчыма. Бо ты не можаш ведаць, што адбудзецца ў наступную хвіліну”.

Іншы жыхар Вільні Відмантас кажа, што не адчувае ніякага “ваеннага псіхозу”. Адзіная рэч, якая нагадвае яму пра напружаны знешнепалітычны стан краіны гэта тое, што 2% яго падаткаў ідуць на падтрымку літоўскага войска.

“Так мы маем шмат размоў на гэту тэму ў нашых СМІ, шмат дыскусіяў. Так, вяртаецца абавязковы прызыў у войска, мноства валанцёраў. Але ў асноўным, гэта самае звычайнае жыццё”.

Літоўскія ўлады, у сваю чаргу, дэманструюць, гатоўнасць да рашучых дзеянняў і абароны сваёй краіны. Так яшчэ 4 сакавіка ўрад ухваліў вяртанне абавязковай службы ў войску. А 17 сакавіка Грыбаўскайтэ наведала ваенную базу ў Руклі. Там яна сустрэлася з ваеннымі, якія ўдзельнічаюць у вучэннях, агледзела памяшканні ў якіх яны жывуць, інфраструктуру, звязаную з аховай здароўя, вучобай і вольным часам і, каб падтрымаць баявы дух, паабедала з салдатамі ў сталовай.

Беларускі ваенны аналітык Аляксандр Алесін тлумачыць, што такое рассейванне панікі ў балтыйскіх краінах — спроба адцягнуць увагу Еўропы, НАТА і ЗША ад Украіны. Каб яны распылілі ўвагу і вайсковы кантынгент.

“Я думаю, што “ваенны псіхоз” у балтыйскіх краінах — гэта тое, чаго дамагаюцца і прапагандысцкія службы, і Пуцін, арганізуючы цэлы шэраг вайсковых вучэнняў”.

Эксперт адзначае, што псіхалагічная вайна Расіі мае і другую мэту: запужаць еўрапейскіх жыхароў, каб яны націснулі на свой урад. А ўрад пайшоў на кампраміс з Крамлём.

Алесін дадае, што мэты гэтыя выконваюцца паспяхова. Прынамсі, цяпер шмат якія краіны Еўропы займаюць хісткую пазіцыю ў дачыненні да Расіі і здольныя пайсці на змякчэнне санкцыяў.

Фота: kariuomene.kam.lt, Lrp.lt, 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі