Вы тут

Журналістку БТ будуць судзіць за тое, што ўваходзіла ў Каардынацыйную Раду

Ксенія Луцкіна / праваабаронцы

Справа журналісткі БТ Ксеніі Луцкінай перададзеная ў суд. Яе вінавацяць у змове з мэтай захопу ўлады, паведамляе Генпракуратура.

Абвінавачванне будуецца на тым, што не раней за 17 жніўня 2020 года Ксенія стала сябрай Каардынацыйнай Рады беларускай апазіцыі і "ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ". Луцкіна, па меркаванні следства, спрабавала стварыць грамадскае беларускае інтэрактыўнае тэлебачанне для "ўтойвання і скажэння рэальных фактаў, эскалацыі пратэснай актыўнасці, стымулявання расколу ў беларускім грамадстве, фармавання ў людзей негатыўнага меркавання аб дзейнасці дзяржорганаў".

Да таго ж, піша ведамства, Луцкіна "рыхтавала і рэдагавала тэксты заяваў, зваротаў, іншых публічных выступаў і публікацый ад імя і ў інтарэсах "Кардынацыйнай рады" з мэтай напаўнення яе інтэрнэт-рэсурсаў, перадачы іх асобным сябрам для дэстабілізацыі палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне".

Артыкул 357 КК, ч.1, па якім будуць судзіць Ксенію Луцкіну, прадугледжвае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Луцкіна была затрыманая ў снежні 2020 года па "справе Прэс-Клуба": яе абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў. Пасля закрыцця гэтай справы завялі новую. 

Падчас зняволення ў СІЗА моцна пагоршылася яе здароўе. 38-гадовая журналістка пакутуе на пухліну ў мозгу, якая павялічылася ў апошні час.

У Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна прапрацавала 15 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.