Вы тут

Журналістка СТВ 1 студзеня ў жывым эфіры дзіўна распавядала пра забег цвярозасці

Алена Казлова / Кадр з відэа

Журналістка тэлеканала СТВ Алена Казлова нечакана для сябе здабыла шырокую папулярнасць сярод карыстальнікаў інтэрнэту. 

Увечары 1 студзеня яна ў жывым уключэнні з вуліц Мінска распавядала пра забег цвярозасці і адкрыццё гарналыжнай трасы "Сонечная даліна". Пры гэтым дзяўчына гаварыла вельмі няўпэўнена, блыталася і дзіўна паводзіла сябе ў кадры.

Відэасюжэт імгненна стаў папулярным у інтэрнэце. Найбольш папулярным было меркаванне, што журналістка працуе нецвярозай.

У каментары парталу TUT.by намеснік гендырэктара СТВ Кірыл Казакоў заявіў, што дзяўчына перахвалявалася: "Яна ўвесь дзень была на нагах, здымала, вечарам было адно з першых для яе жывых уключэнняў. У яе падняўся ціск, пасля заканчэння ўключэння карэспандэнт страціла прытомнасць, яе прыводзіў у пачуццё аператар. Алене спатрэбілася медыцынская дапамога. Цяпер з ёй, дзякуй Богу, усё ў парадку".

Каментуючы "Нашай Ніве" сумбурны выступ журналісткі, Казакоў патлумачыў: "Ні пра які алкаголь гаворкі быць не можа. У нас строгае правіла, што ўжываць алкаголь падчас працы забаронена".

Па яго словах, 2 студзеня ў Алены Казловай дзень адпачынку, бальнічны яна не брала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.