Журналіст БТ падае ў суд на аўтараў кнігі "Краіна Беларусь"
Прычына — выкарыстанне фотаздымкаў без дазволу. Рыхтуецца заява ў Вярхоўны суд.
Багата ілюстраваную кнігу "Краіна Беларусь" нядаўна перавыдалі Уладзімір Арлоў і Зміцер Герасімовіч (цяпер яна — на беларускай, рускай і англійскай мовах). Аўтары іншага выдавецкага праекта “Спадчына Беларусі” журналіст БТ Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў заўважылі там свае здымкі і вырашылі падаць у суд. Пра гэта Лукашэвіч напісаў у сваім Фэйсбуку:
"Мы з цікавасцю вырашылі пазнаёміцца з новым выданнем тандэма Арлоў-Герасімовіч. Аднак асалода ад кнігі прайшла, калі адзін за другім мы пачалі пазнаваць свае фотаздымкі помнікаў архітэктуры і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Іх было не адзін, не два, нават не пяць, а 22 адзінкі. Цікава, што пад некаторымі НАШЫМІ фотаздымкамі змяшчаўся подпіс: фотаздымак Зміцера Герасімовіча, альбо проста “сучаснае фота”. Мы не маглі паверыць сваім вачам ў такое нахабства. Ні спадар Уладзімір Арлоў, ні спадар Зміцер Герасімовіч не звярталіся да нас з просьбай аб прадастаўленні здымкаў. Іх проста скралі з нашага альбома і выдалі за сваю вялікую працу. Ці ведаюць спадары, што кожны здымак наогул мае свайго аўтара? Што гэта аўтарскі твор? Такім чынам скрадзеныя здымкі надрукаваны у 5000 экземплярах. Калі б падобная сітуацыя склалася напрыклад у Францыі, увесь тыраж быў бы арыштаваны.
Гэта не першы выпадак, калі нашыя здымкі нахабна крадуць. Мы ўжо выйгралі некалькі падобных спраў у судзе. І далей будзем ахоўваць тое, што належыць нам.
Зараз наш юрыст рыхтуе заяву ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь".
Як вядома, менавіта Вярхоўны суд займаецца аўтарскімі правамі.
***
Адзін з аўтараў альбома "Краіна Беларусь" Зміцер Герасімовіч кажа ў каментары Еўрарадыё, што фотаздымкі не краў, а браў у выдавецтве "Беларусь", якое магло перадаць іх без подпісаў:
"Гэта нечаканыя звесткі. Мы часта абменьваемся ілюстрацымі з рознымі архівамі. Таму такія сітуацыі здараюцца. Але ж можна было мне патэлефанаваць, каб у наступным выданні мы ўказалі прозвішчы".
Падобная сітуацыя ўжо здаралася з фотаздымкамі Георгія Ліхтаровіча, кажа Герасімовіч. Але там усё вырашылася пасля тэлефоннай размовы.
Адзначым, што альбом друкавала венгерска-славацкае выдавецтва. Пісьменнік Уладзімір Арлоў рыхтаваў для яго тэксты, афармленнем займаўся Зміцер Герасімовіч.
Уладзімір Арлоў і Зміцер Герасімовіч
***
Алег Лукашэвіч: Надакучыла, што нашыя здымкі выкарыстоўваюць без дазволу
Аўтар выдавецкага праекта “Спадчына Беларусі”, журналіст БТ Алег Лукашэвіч распавядае Еўрарадыё, чаму разам з Аляксандрам Аляксеевым вырашыў рыхтаваць дакументы ў суд на аўтараў кнігі "Краіна Беларусь" Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча.
Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч
Лукашэвіч: "За ўвесь час калі мы ў 2004 годзе выпусцілі першую кнігу, мы былі сведкамі, як нашыя здымкі без нашага ведама выкарыстоўвалі ў іншых выданнях. І нам ужо так надакучыла гэта... Я не павінен тэлефанаваць чалавеку, які незаконна выкарыстаў маю працу. І ніякіх праблем не было бы, калі б ён гэта зрабіў".
Еўрарадыё: Раней такія выпадкі былі таксама з Арловым і Герасімовічам?
Лукашэвіч: "У нас вельмі добрыя адносіны з усімі выдаўцамі ў нашай краіне. І з Арловым і Герасімовічам мы сустракаліся. Мы з вялікай павагай ставімся да іх і да таго што яны ствараюць. Мы былі вельмі здзіўленыя, калі адкрылі выданне і пабачылі нашыя здымкі, якія ніяк не падпісаныя. Нас абурыла, што здымкі іншых фотамайстроў, таго ж Дзяніса Раманюка, падпісаныя. Што датычыцца здымкаў з нашага выдання, там напісана: "сучаснае фота", а адзін падпісаны, як "фота Зміцера Герасімовіча".
Еўрарадыё: Чаго вы хочаце дамагчыся судом? Якіх дзеянняў — прабачэнняў ці грошай?
Лукашэвіч: "Мы людзі забяспечаныя, нас менш за ўсё хвалююць матэрыяльныя выгады ў дадзеным становішчы. У нас наогул няма часу займацца судамі. Нас не будзе ў краіне цэлы месяц, з-за вялікага праекта. Суд — вельмі непрыемная справа. Мы не хацелі да гэтага даводзіць. Але справа ў тым, што гэта не першы раз. І мы ўжо колькі разоў мірна дамаўляемся. Колькі можна? Да гэтай пары, пакуль я з вамі размаўляю, яны з намі на кантакт не выйшлі. Гэта аднаўленне справядлівасці. Калі б такая сітуацыя была, напрыклад, у Францыі, то там быў бы арыштаваны ўвесь наклад. Бо 22 здымкі — гэта не адзін ці два. Гэтага хопіць на брашуру".
Фота — 222.by, svaboda.org