Вы тут

Жорсткае відэа з Ліды: прывязаную за нагу карову цягне па асфальце грузавік

Карову цягнуць за машынай / Кадр з відэа

Жорсткае відэа з'явілася ў сацсетках 10 студзеня. Знятае яно, як мяркуецца, у прамысловай зоне ў Лідзе. 

На роліку бачна, як рабочыя прывязалі карову за нагу да грузавіка і цягнулі па асфальце. Карова спрабавала вырвацца і брыкалася, але яе ўпарта цягнулі некалькі дзясяткаў метраў.

Відэаролік быў выкладзены ў пабліку "Ліда — наш горад". Ён вылікаў сярод гледачоў абурэнне такім абыходжаннем з жывёлай.

Журналісты партала TUT.by знайшлі чалавека, які выклаў ролік. Ён паведаміў, што відэа знята 10 студзеня, а падзеі адбываюцца на бойні каля Лідскага мясакамбіната (вуліца Талстога, 14Е).

Сам мясакамбінат яшчэ ў 2018 годзе быў прызнаны банкрутам, а спыніў працу яшчэ раней. Аднак побач з ім ёсць бойня, якая належыць іншаму прадпрыемству. Паводле рэестру на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду, у Лідзе на вуліцы Талстога ёсць толькі адзін цэх па забоі буйной рагатай жывёлы і свіней. Ён належыць Лідскаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.