Жанна Літвіна: Мусіць адбыцца раздзяржаўленне СМІ

Еўрарадыё: Ці прыслухаюцца беларускія ўлады да Дуні Міятавіч, закон аб СМІ будзе перагледжаны?

Жанна Літвіна: Рэфармаванне ці стварэнне канцэпцыі рэфармавання медыясферы — гэта , насамарэч, прынцыповае пытанне. Без гэтага рух у бок дэмакратызацыі немагчымы. Аптымізм, з якім пакінула Беларусь спадарыня Міятавіч гэта добра, але засмучае тое, што нашы ўлады не гатовыя да дыялогу, да абмеркавання гэтых праблем. У нас ёсць досвед, напрыклад, у студзені мы звярнуліся ў Камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. У сваім звароце мы прапаноўвалі правесці слуханні па законе аб СМІ, па практыцы яго прымянення ў межах самой камісіі і, на жаль, мы атрымалі адмову. Гэта было некалькі месяцаў таму, і, магчыма, цяпер, пасля візіту Міятавіч будуць зрухі і ў гэтым накірунку. Таму што я лічу, вельмі важна вынесці саму гэтую тэму: роля, месца масмедыя ў грамадстве ў публічную сферу. Каб у нас сапраўды адбыліся нейкія прынцыповыя змены, то ў першую чаргу мусіць быць працэс раздзяржаўлення сродкаў масавай інфармацыі, гатоўнасць улады адмовіцца ад манаполіі на інфармацыйную прастору, зняць са СМІ прапагандысцкія функцыі.

Еўрарадыё: Якія змены ў законе чакалі бы вы асабіста, як лідар незалежнай журналісцкай супольнасці?

Жанна Літвіна: Ведаеце, апошнім часам тыя праблемы, якія ў нас назапасіліся, самі прадыктавалі патрэбу ў гэтых зменах. У першую чаргу, гэта вызначэнне, хто такі журналіст. У нашым законе аб СМІ ёсць толькі вызначэнне “журналіст у сродку масавай інфармацыі”, гэтая фармулёўка паставіла па-за законам фрылансераў. Вядома, важнае пытанне і акрэдытацыі. Норма і вызначэнне, што такое акрэдытацыя, павінна прысутнічаць у законе. Гэта не форма дазволу на прафесійную дзейнасць журналістаў, а працэдура прызнання паўнамоцтваў журналіста. Нават узор службовага пасведчання на сённяшні дзень устаноўлены пастановай Міністэрства інфармацыі. У еўрапейскіх краінах пасведчанні журналістам уручаюць творчыя журналісцкія арганізацыі. Спадзяюся, нас гэта чакае наперадзе. І наогул, доступ да інфармацыі і абарона крыніц інфармацыі — гэта ўсё павінна знайсці адлюстраванне ў самім законе. Але, каб гэта пачало адбывацца, нам патрэбная дыскусія, прафесійнае абмеркаванне. Увесь час офіс АБСЕ прапануе сваю дапамогу, свае экспертныя рэкамендацыі, каб прывесці заканадаўчую базу ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі.

Еўрарадыё: Што можна азначаць такі візіт Дуні Міятавіч, бо яна і раней бы хацела наведаць Беларусь, але беларускія ўлады пусцілі толькі цяпер, прычым, самі ініцыявалі візіт?

Жанна Літвіна: Спадарыня Міятавіч — гэта палітык такога еўрапейскага ўзроўню, які ўвесь час мае цвёрдую пазіцыю па падзеях, якія адбываюцца ў Беларусі. Напрыклад, яе прынцыповая пазіцыя наконт спынення крымінальнай справы ў дачыненні да незалежнага журналіста Анджэя Пачобута, яе падтрымка фатографа Антона Сурапіна. Думаю, так доўга ў яе не было магчымасці наведаць Беларусь з-за гэтай прынцыповай пазіцыі.

Фота – svaboda.org

Cпецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі