Вы тут

Жанчына здзекавалася з ката, а цяпер пагражае тым, хто апублікаваў яе фота

Кадр з відэа, на якім жанчына б'е ката аб сцяну / instagram.com/predannoe 

Відэа з Ваўкавыска, на якім жанчына хапае ката за шкірку і б'е аб сцяну, з'явілася ў мінулыя выходныя. За пару гадзін яно сабрала дзясяткі тысяч праглядаў, а зааабаронцы паспелі звярнуцца ў міліцыю.

"Гераіня" відэа — 42-гадовая мясцовая жыхарка. Яе "вылічылі", пасля чаго ёй пачалі актыўна пісаць у сацыяльных сетках.

Як піша s13, жанчына напісала сустрэчную заяву ў міліцыю — за распаўсюд сваёй фатаграфіі. Яна паспрабавала растлумачыць свой здзек з жывёліны.

Па словах жыхаркі Ваўкавыска, яна нейкі час таму падабрала вулічнага ката, але не змагла прывучыць яго да латка. Таму перыядычна была вымушана выпускаць яго на двор.

— А гэты кот [якога яна білі аб сценку] увесь час грыз майго ката, біў. У пятніцу ён чарговы раз пагрыз яго. Мой так крычаў, што ў мяне сэрца разрывалася. У выніку я знайшла яго мёртвым у той дзень, — расказала яна і дадала, што "паддалася эмоцыям".

Яна сцвярджае, што "не так моцна ўдарыла ката". Але віну прызнае. Хоць і незадаволеная тым, што фота з ёй разляцеліся па сацыяльных сетках.

— Я напісала сустрэчную заяву ў міліцыю за тое, што маю фатаграфію разаслалі па інтэрнэце. Хіба так можна было? Сказалі, што будуць разбірацца там, хто ўсё гэта пачаў, — расказала жанчына.

Мясцовыя валанцёры сцвярджаюць: пару гадоў таму жанчыну ўжо "заўважалі" за жорсткім абыходжаннем з жывёламі. Зааабаронцы нават звярталіся ў міліцыю, але да адказнасці яе не прыцягнулі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.