Жанчына даказвае, што нехта набыў валюту па яе згубленым пашпарце

Жыхарка Кобрына Іна Юркевіч згубіла свой пашпарт яшчэ ў 2012 годзе. Па словах 40-гадовай жанчыны, адсутнасць дакумента яна не адразу заўважыла, таму і не звярнулася з заявай у міліцыю. Праваахоўнікі самі звязаліся з ёй у верасні, калі знайшлі яе пашпарт.

Гісторыю са згубленай рэччу Юркевіч успомніла ў 2013-м годзе, калі нечакана для жанчыны яе выклікалі ў падатковую інспекцыю. Там ёй паведамілі, што летась у чэрвені яна набыла ў валюце буйную суму і цяпер мусіць сплаціць падатак.

“Як яны мяне толькі не правяралі! І на мытні — колькі разоў я перасякала мяжу, і заробак пералічылі мой з 2003-га года — ці магла я столькі зарабіць. Патрабавалі прад’явіць дэкларацыю. Але што я магу прад’явіць, калі ў мяне толькі заробак і аліменты? Выставілі мне суму ў 53 мільёны, а калі я адмовілася плаціць, то падалі на мяне ў суд”, — расказвае Іна Юркевіч.

Жанчына кажа, што нехта знайшоў яе пашпарт і скарыстаўся ім для набыцця валюты. Аднак даказаць гэта пакуль не атрымоўваецца. Камеры відэаназірання не захавалі запіс у банку, дзе па дакументах зафіксавана аперацыя. Валюта была набытая ў суботу, акурат у выходны дзень Іны Юркевіч, таму нават працоўнага “алібі” яна не мае.

Ці мог згубленым пашпартам скарыстацца нехта  візуальна падобны да Юркевіч? Касірка банка, якая праводзіла буйную валютна-абменную аперацыю, дакладнага адказу ў судзе даць не змагла, але і не адмаўляе такога варыянту.

Так, — кажа яна,— я яе памятаю. Ведаю, як кліента банка”. Суддзя запытвае: а як вы ёй валюту прадавалі? Яна кажа, што не памятае… Я ў гэтым банку ў 2009 годзе брала крэдыт на пяць гадоў і кожны месяц хадзіла туды плаціць. Хадзіла плаціць менавіта да яе”.

Касірка не можа прыгадаць і акалічнасцяў аперацыі. Буйную суму сама яна прадаць не магла, а ці паведамляла ўпраўляючаму банка, таксама не памятае.

Адзінае, што пакуль атрымалася ў Іны Юркевіч, — гэта больш чым у два разы зменшыць суму, якую ад яе патрабуюць падаткавікі. Пасля звароту ў пракуратуру і паўторнага разбіральніцтва ў справе “ўсплыла” тэхнічная памылка.

“Калі іх прымусілі правесці другое расследаванне, мяне выклікалі ў падатковую інспекцыю і заяўляюць: “Прабачце! Памылачка выйшла: у банку адбыўся збой сістэмы. Аказваецца, на ваш пашпарт набылі не 33 тысячы долараў і 20 тысяч еўра, а 15 тысяч долараў і 11 тысяч еўра”. Вядома, той суд я выйграла, бо там ужо невядома што адбывалася…”

Аднак нават 25 мільёнаў рублёў для маці, якая самастойна выхоўвае дачку-школьніцу, — сума таксама немалая. Тым больш, са словаў жанчыны, плаціць за тое, чаго яна не здзяйсняла, яна не збіраецца. Сваю недатычнасць да набыцця валюты Іна Юркевіч працягне даказваць праз пракуратуру і суд. 

Фота: sharij.net

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі