Жадан: Я не буду прасіць у Расіі дазволу на ўезд у Беларусь

Украінскі пісьменнік Сяргей Жадан, якому забаранілі ўезд у Беларусь, пракаментаваў сітуацыю ў інтэрв’ю Радыё Свабода. Ён сказаў, што прыехаў у Мінск на літаратурны фэстываль “Вершы на асфальце”, таму завершыць свае выступы на яго імпрэзах, а ўвечары паедзе дадому, як і збіраўся. Цяпер у Жадана стаіць штамп у пашпарце “Забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь”, і ён мусіць цягам трох дзён пакінуць краіну.

Літаратар распавёў, што правёў ноч у камеры ў Ленінскім РУУС, куды яго даставілі з гатэльнага нумару. Пры затрыманні міліцыянты нічога не тлумачылі, не паказвалі дакументаў і не дазволілі скантактавацца з амбасадай.

А 8-й раніцы Жадана павезлі ва ўпраўленне міграцыі, дзе і вынеслі рашэнне аб забароне на ўезд у Беларусь. Супрацоўнікі міліцыі пры гэтым патлумачылі, што Беларусь знаходзіцца ў адным візавым полі з Расіяй і Казахстанам. Калі асоба неўязная ў Расію, яна  аўтаматычна робіцца неўязной і ў Беларусь.

“ Сітуацыя крыху абсурдная. Што да таго, што я неўязны ў Расію, — я туды і не збіраюся ехаць, пакуль не скончыцца ўкраінска-расійская вайна. Але тое, што гэта аўтаматычна адносіцца і да Беларусі, што я не магу ўехаць на тэрыторыю Беларусі, — для мяне гэта непрыемны сюрпрыз. Апроч таго, я быў у Мінску летась, і наколькі я зразумеў з размовы з прадстаўнікамі МУС, я ўжо тады быў спісе, але мяне чамусьці пусцілі і забаронаў не было. І ўчора я прыляцеў у аэрапорт “Мінск”, і таксама мяне ніхто не спыняў і ніхто нічога не сказаў. Таму для мяне гэта была поўная неспадзяванка”, — сказаў Сяргей Жадан.

Паводле Жадана, для таго, каб зноў патрапіць у Беларусь, яму трэба звязвацца з расійскай дыпмісіяй і прасіць, каб яго выкрэслілі са спісу неўязных.

“Каб патрапіць у Беларусь, мне трэба пытацца дазволу ў расіян. Я ніякага дазволу ў расіян пытацца не буду, звяртацца не буду. Таму, на вялікі жаль, прыехаць у Беларусь будзе немагчыма”, — сказаў вядомы паэт.