Выбух на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце

На Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце / t.me/ranak_me/
На Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце / t.me/ranak_me/

7 чэрвеня адбылося здарэнне на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце (Гомельская вобласць). Як паведамляе прэс-служба МНС, на тэрыторыі прадпрыемства адбылася "ўспышка газапаветранай сумесі без наступнага гарэння". На месца прыехалі ратавальнікі.

Адзначаецца, што "вядуцца працы па пошуку двух рабочых прадпрыемства, якія праводзілі рэгламентныя працы".

МНС абяцае паведаміць падрабязнасці пазней.

Як піша @ranak_me, здарэнне адбылося на заводзе беленай цэлюлозы. На яго тэрыторыі працуюць экстраныя службы. Адтуль выцякае нейкая вадкасць, якую засыпаюць апілкамі (на здымках).

Старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік кажа, што з 2 чэрвеня праца завода беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК была прыпынена. Пры правядзенні прафілактычных і рамонтных работ у адным з цэхаў "пры прамыванні цеплаабменніка адбыўся выбух". На прадпрыемстве працуе камісія. Кіраўнік горада сцвярджае, што "пагрозы для жыцця і здароўя насельніцтва няма". Аднак на месцы працуе група спецыялістаў занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якая праводзіць даследаванні.

На будаўніцтва гэтага Светлагорскага ЦКК лукашэнкаўскі ўрад патраціў $850 млн, з іх $654 млн узялі ў крэдыт у кітайскіх банкаў. Камбінат здалі з 5-гадовай затрымкай, і сённяшняе надзвычайнае здарэнне на ім — далёка не першае.

Летась на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце быў пажар. А ў 2020 годзе на Светлагорскім ЦКК за некалькі месяцаў адбыліся некалькі трагедый, якія прывялі да смерці людзей. 30 ліпеня на заводзе беленай цэлюлозы была аварыя, падчас якой пацярпелі два работнікі. Адзін з іх потым загінуў. 19 кастрычніка пры зварачных работах адбыўся выбух і пажар на ёмістасці з талавым алеем. Загінуў зваршчык, які зваліўся з вышыні ад выбухной хвалі.

Выбух на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце
t.me/ranak_me/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі