Зайдэс гатовы ўкласці сто тысяч долараў у "Курапаты" і змяніць фармат рэстарана

Зайдэс гатовы ўкласці сто тысяч долараў у "Курапаты" і змяніць фармат рэстарана

22 чэрвеня ўладальнік рэстарана ў Курапатах Леанід Зайдэс сустрэўся з лідарам партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым і амерыканскім адвакатам Юрасём Зянковічам. Па словах Кастусёва, Зайдэс выйшаў на яго праз сяброў. 


Бізнесовец прапанаваў тры шляхі вырашэння цяперашняй сітуацыі вакол Курапат:


— уладальнік гатовы прадаць комплекс цалкам па балансавым кошце прадстаўніку грамадства, які выкарыстае забудову ў іншых мэтах,


— уладальнік гатовы ўкласці сто тысяч долараў у мемарыял Курапаты і змяніць фармат сваёй установы — з забаўляльнага на сямейны,


— уладальнік гатовы прадаставіць адзін з будынкаў комплексу для стварэння ў ім музея "Курапаты", перадаць грамадскай і палітычнай арганізацыі на баланс гэтае памяшканне. Адгарадзіць яго ад комплексу, забяспечваць камуналку, перафарматаваць комплекс з забаўляльнага ў сямейны.


"Хацелася б па максімуме скарыстацца магчымасцю і ператварыць гэтую ўстанову ў мемарыял Курапаты. Але я разумею, што сярод прадстаўнікоў дэмакратычнага грамадства не знойдзецца чалавека, які здолеў бы выкупіць гэты комплекс цалкам і перавесці яго ў фармат мемарыялу. Калі знойдзецца такі чалавек, альбо некалькі асоб, якія хацелі б укласці сродкі, то гэта быў бы самы ідэальны варыянт", — кажа Кастусёў у размове з Еўрарадыё. 


На 29 чэрвеня запланавана вялікая сустрэча ўладальнікаў комплексу, абаронцаў Курапат і уладаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі