Затрыманыя Вінцук Вячорка і Вячаслаў Сіўчык

Увечары 13 сакавіка ў
Мінску затрыманыя лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка і апазіцыйны палітык Вячаслаў
Сіўчык, у актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Барыса
Гарэцкага супрацоўнікі КДБ здзейснілі ператрус. Мы
звязаліся з сынам Вінцука Вячоркі Франакам:

"У 22 гадзіны Вінцук Вячорка вярнуўся дадому разам з дачкой Ружанай, я іх выйшаў сустрэць. Мы падняліся на 9-ы паверх, дзе нам перагарадзілі дарогу хлопцы ў скураных куртках, паказалі дакументы супрацоўнікаў спецназу і папрасілі праехаць разам з імі.

Прычына затрымання не названая. Калі меркаваць, што гэта такая ж самая працэдура, якая была летась, пасля акцыі 8 сакавіка каля кінатэатру "Берасьце", то зараз яго аформяць у Савецкім РУУСе, уначы прывязуць на Акрэсціна, а заўтра будуць судзіць паводле артыкула "заклік на несанкцыянаваную акцыю".

Паколькі ў панядзелак Вінцук Вячорка прымаў удзел у мітынгу прадпрымальнікаў, дзе запрасіў прадпрымальнікаў на акцыю 25 сакавіка, гэта можа быць адной з прычынаў ягонага арышту.

ЕРБ: - Ці былі арганізатары гатовыя да такой спешнай зачысткі?

Франак: - Безумоўна, былі гатовыя. І ўжо прызначаны план вынасных паседжанняў аргкамітэту і ўправы партыі БНФ, але ўсё гэта планавалася ад канца гэтага тыдня, паколькі звычайна рэпрэсіі пачынаюцца не раней чым за тыдзень да акцыі. Але ўлады вырашылі перастрахавацца і арыштаваць лідэра нашмат раней.

ЕРБ: - Ці ёсьць варыянты на выпадак, калі напярэдадні будуць арыштаваныя больш лідэраў, чым меркавалася?

Франак: - Калі лідэры дэмакратычных партыяў, і Вінцук Вячорка ў прыватнасці, патрапяць за краты і будуць ізаляваныя на час акцыі, то акцыя 25 сакавіка цалкам мяняе свой сцэнар.

Мітынг, які планаваўся на Кастрычніцкай плошчы, проста не будзе мець сэнсу як ня будзе на свабодзе палітычных лідэраў.

На гэты выпадак аргкамітэт прыме меры па змене фармату акцыі. Прынамсі, магчымага дыялогу, перамоваў і адзінства з уладай не будзе дакладна."

Юрыст і праваабаронца Уладзімір Лабковіч паведаміў нашаму радыё:

"Мы разглядаем гэтыя затрыманьні: і Вінцука Вячоркі, і Вячаслава Сіўчыка — як працяг ганебнай практыкі, якая склалася ў Беларусі, калі маючы паслухмяныя суды, супрацоўнікі міліцыі прэвентыўна затрымліваюць напярэдадні масавых акцыяў (нагадаю, Вінцук Вячорка з'яўляецца старшынём аргкамітэту па арганізацыі 25 Сакавіка) асноўных актыўных удзельнікаў і арганізатараў акцыяў.

Затрымліваюць па надуманых падставах, загадзя, каб ізаляваць іх на момант правядзення акцыі, каб яны не былі разам з народам.

Яны працягваюць тое, што рабілі заўсёды, ня будзе ніякага паслаблення, і гэта яскравы адказ і нашаму грамадзтву, і міжнароднай супольнасці, што гэты рэжым не здольны перарабіцца. Ён як быў дыктатарска-рэпрэсіўны, такім і застанецца, і як былі палітвязні ў нашай краіне, так і застануцца, іх толькі будзе станавіцца яшчэ больш".

Выглядае
на тое, што сёлета ўлады, навучаныя летась зацятымі каліноўцамі, памкнуцца не
дапусціць да масавых непарадкаў, якія апошнімі гадамі неўпрыкмет зрабіліся
самай яскравай адзнакай беларускіх вёснаў.

photo.bymedia.net